Ва ўмовах ўвядзеньня Менскам 5-дзённага бязьвізавага рэжыму для грамадзян 80 краін 78% расейцаў лічаць неабходным увесьці візавы рэжым паміж Беларусьсю і Расеяй, каб «не дапусьціць пранікненьня на тэрыторыю РФ невядомых людзей».
Пра гэта піша «Маскоўскі камсамолец» са спасылкай на дасьледаваньне, праведзенае Ўсерасейскім цэнтрам вывучэньня грамадзкай думкі (ВЦИОМ). Як паказала апытаньне, 56 % рэспандэнтаў ня лічаць патрэбным даваць саюзным дзяржавам зьніжкі на энэргарэсурсы ў абмен на іхнюю ляяльнасьць, супрацьлеглай думкі прытрымліваюцца 38 адсоткаў апытаных.
Калі казаць канкрэтна пра пастаўкі газу, то супраць продажу Менску энэргарэсурсаў па заніжаных цэнах выступаюць 60 % расейцаў. Пры гэтым з улікам інфармацыі пра доўг Менску перад «Газпрамам» доля праціўнікаў прадстаўленьня зьніжак узрастае да 69 %.