Міністар абароны ЗША Джэймс Мэтыс заявіў, што ЗША «адкрытыя для аднаўленьня супрацоўніцтва» з Расеяй, але будуць забясьпечваць магчымасьць амэрыканскім дыпляматам весьці перамовы з Масквой «з пазыцыі сілы».
Генэрал у адстаўцы Мэтыс таксама папярэдзіў калег з краін NATO на пасяджэньні ў Брусэлі, што альянс акружаны «дугой нестабільнасьці», якая ўзрасла, у прыватнасьці, з-за дзеяньняў Масквы.
«Хаця Злучаныя Штаты і альянс імкнуцца да супрацоўніцтва з Расеяй, мы ў той жа час павінны абараняцца, калі Расея вырашыць дзейнічаць, парушаючы міжнароднае права», — сказаў ён.
У бліжэйшы час ЗША разам зь Вялікабрытаніяй, Канадай і Нямеччынай узначаляць абʼяднаныя і ўзмоцненыя абарончыя сілы перадавога базаваньня ў Польшчы і краінах Балтыі, адзначыў міністар абароны.