Сэнатар Маккейн заклікаў Трампа даць Украіне сьмяротнае ўзбраеньне

Джон Маккейн

Сэнатар-рэспубліканец ад Арызоны Джон Маккейн адказаў на пытаньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа па Крыме і заклікаў даць Украіне сьмяротную зброю. Гэта вынікае зь яго паведамленьня, пакінутага ў сетцы Twitter.

«Так, ён (Барак Абама — рэд.) быў занадта мяккім. Давайце абярэм іншы курс разам: дамо Ўкраіне абароннае сьмяротнае ўзбраеньне і захаваем санкцыі супраць Расеі», — напісаў Маккейн, адказаўшы такім чынам на пытаньне Дональда Трампа ў Twitter пра тое, ці быў яго папярэднік занадта мяккім у дачыненьні да Расеі, калі тая анэксавала ўкраінскі Крым.

Напярэдадні прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсэр заявіў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выразна дае знаць, што чакае ад улады Расеі вяртаньня Ўкраіне Крыму і дээскаляцыі гвалту на Данбасе. Сьпікер таксама нагадаў, што пра рашучую пазыцыю Вашынгтона па Ўкраіне, у прыватнасьці, па Крыме, ужо заяўляў раней сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Ніккей Хэйлі.

Расея анэксавала ўкраінскі Крым у сакавіку 2014 году. Кіеў і Захад не прызнаюць гэтага і лічаць паўвостраў і ў далейшым ўкраінскай тэрыторыяй.

Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў падтрымцы прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе. Масква гэтыя абвінавачваньні абвяргае, заяўляючы, што на Данбасе няма расейскіх вайскоўцаў, але ёсьць «добраахвотнікі».

Праз агрэсію Расеі супраць Украіны Захад увёў шэраг санкцыяў супраць Масквы.