Дараваньне спрыяе здароўю

У праваслаўных беларусаў Вялікі пост пачынаецца адразу пасьля Даравальнай нядзелі, калі пры сустрэчы са сваімі сваякамі ці знаёмымі абавязкова трэба папрасіць у іх прабачэньня за нанесеныя крыўды ці непрыемнасьці.

Гэта мае ня толькі маральнае значэньне, але і біялягічны сэнс. Бо з клінічнай практыкі добра вядома, што менавіта ня выказаная крыўда ці адсутнасьць прабачэньня за яе становіцца галоўнай прычынай расстройства сну. Дарэчы, менавіта парушэньне сну зьяўляецца найпершай праблемай сучаснага чалавека. Хранічны недахоп сну прыводзіць да павышанай схільнасьці да інфэкцыйных хвароб, зьніжэньня памяці, павышанай раздражнёнасьці і нізкай працаздольнасьці.

Між тым, сучасны чалавек сьпіць на адну гадзіну меней, чым яшчэ 70 гадоў таму. На жаль многія пацыенты пры парушэньні сну адразу прыбягаюць да цяжкой артылерыі, г.зн. імкнуцца ужываць снатворныя з групы барбітуратаў (тазепам, эленіум, рэланіум і іншыя), якія садзейнічаюць разьвіцьцю сындрому падзеньняў у сталых людзей, а ў больш маладых спрыяюць зьніжэньню неспэцыфічнага імунітэту. Насамрэч для нармалізацыі сну, перш чым прымаць лекі, трэба правесьці самыя простыя гігіенічныя меры: ня есьці за дзьве гадзіны перад сном і не займацца цяжкімі фізычнымі практыкаваньнямі; тэмпэратура паветра ў спальні павінна быць на 1–2 градусы ніжэй, чым у астатніх памяшканьнях, перад сном гэты пакой трэба праветрыць; у ложку, дзе вы сьпіце — трэба толькі спаць, а не чытаць, не працаваць на кампутары або проста валяцца, адпачываючы — для сну павінна быць асобнае месца.

Для паляпшэньня сну вельмі дапамагаюць спэцыяльныя рытуалы, у кожнага яны могуць быць сваімі — камусьці трэба прагуляцца ўвечары, некаму — правесьці час у цёплай ваньне. Рытуалам можа быць і апрананьне на ноч піжамы ці нейкай асаблівай бялізны.

Але, паводле дадзеных псыхолягаў, найбольш зручным сродкам супакоіцца перад сном зьяўляецца наступны просты трэнінг. Трэба ўзяць аркуш паперы, на адным баку напісаць свае дзённыя праблемы, а на другім — тое, як мы бачым шляхі іх вырашэньня. Падчас напісаньня адбываецца выцясьненьне са сьвядомасьці праблем ці крыўд і чалавек лягчэй засынае.

Калі мы кажам «даруй» — гэта таксама выцісканьне з псыхічнай сфэры адмоўнага вопыту, што спрыяе здароўю. У вядомага музыканта Мсьціслава Растраповіча, які, як вядома, спаў па 5— 6 гадзін, пыталіся: «Ці не турбуе вас, што вы гэтак мала сьпіце». На што ён адказваў: «Сплю я мала, але вельмі добра, бо ў мяне чыстае сумленьне».

І гэта сапраўды так — падумайце ці не вінаватыя вы перад кімсьці, своечасова папрасіце прабачэньня, і гэта дапаможа палепшыць здароўе за кошт паляпшэньня сну. Можа, і лекар тады не спатрэбіцца.