На жыхароў комплексу «Маяк Менску» Сьвятлану Кудзіну, яе мужа Паўла Цітова і Юлію Раманёнак былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкулу аб несанкцыянаваным правядзеньні пікету каля будынка «Дана Мол» у менскім мікрараёне «Усход».
27 студзеня пікетоўцы пратэставалі супроць няякаснага будаўніцтва жыльля ў комплексе «Маяк Менску», якое вядзе фірма-забудоўнік грамадзянаў Сэрбіі братоў Карычаў.
За 100 сэкундаў. Жыхары комплексу «Маяк Менску» пратэставалі супраць сэрбскага інвэстара:
Your browser doesn’t support HTML5
«Цяпер нам пагражаюць штрафы да 20 базавых велічынь, але мы ня згодныя з пратаколамі», — паведаміла Свабодзе Сьвятлана Кудзіна. Паводле жанчыны, у дасланых ёй і яе мужу пратаколах пазначана, што яны былі папярэджаныя аб адказнасьці за правядзеньне несанкцыянаванай акцыі.
«Насамрэч гэтага не было. Наадварот, самі міліцыянты казалі падчас пікету, што мы грамадзкага парадку не парушаем. У нас ёсьць сьведкі і відэа, як усё адбывалася. Пойдзем са сьведкамі ў суд», — абураецца Сьвятлана Кудзіна.
Паводле яе, міліцыянт зь Першамайскага РУУС, які тэлефанаваў і прапаноўваў прыйсьці ў міліцыю для азнаямленьня з пратаколамі, таксама распытваў зьвесткі пра іншых удзельнікаў пікету. «Вас жа было больш за тры чалавекі, а гэта парушэньне», — перадае словы міліцыянта жыхарка комплексу «Маяк Менску».
Усяго ў пікеце ўдзельнічалі 5 чалавек. Яны трымалі плякаты «Прэч зь Менску, ілжэінвэстары з Сэрбіі!», «Далоў карупцыю ў Першамайскім выканкаме!» ды іншыя. Падчас пікету міліцыянты ў цывільным атачылі пікетоўцаў і не далі ім наблізіцца да ўваходу ў краму «Дана Мол», дзе адбывалася ўрачыстае адкрыцьцё з удзелам прэм’ер-міністраў Беларусі і Сэрбіі, а таксама сэрбскіх бізнэсоўцаў. «Пасьля акцыі ніхто з прадстаўнікоў забудоўніка, на каго мы скардзіліся, так да нас і не прыйшоў, каб выслухаць нашы прэтэнзіі», — паведаміла Сьвятлана Кудзіна.
Калі адбудуцца суды над удзельнікамі пікету, пакуль невядома.