Цэнтравыбаркам адхіліў прапанову апазыцыі аб перафармаваньні датэрміновага галасаваньня

Лідзія Ярмошына

«Калі пагадзіцца з апазыцыяй, то тады трэба цалкам адмяняць інстытут датэрміновага галасаваньня, — заявіла сёньня ў размове са Свабодай старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — Нам прапануюць, каб у кожнай выбарчай акрузе быў толькі адзін участак, дзе можна галасаваць раней. Ніхто ня будзе шукаць гэты ўчастак, ніхто ня будзе падаваць дакумэнты, што ня можа галасаваць у асноўны дзень. Ды і двух дзён, якія вызначае апазыцыя на ўсё датэрміновае галасаваньне замест цяперашніх пяці, мала.

Таму міжведамасная камісія экспэртаў пры ЦВК не прыняла ініцыятывы апазыцыі. Адзінае, з чым пагадзіліся, гэта адмяніць штодзённы перапынак з 14 да 16 гадзінаў падчас датэрміновага галасаваньня. Апазыцыя лічыць, што якраз у гэты час ідзе фальсыфікацыя. Добра, мы адмяняем перапынак плюс штодня абнародуем падрабязны пратакол пра колькасьць атрыманых бюлетэняў і колькасьці тых, хто прагаласаваў. Цяпер гэтыя лічбы даюцца па нарастальнай і праз гэта часта бывае блытаніна».

Ілюстрацыйнае фота. Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім інтэрнаце на прэзыдэнцкіх выбарах 2015 году

«Само існаваньне інстытуту датэрміновага галасаваньня ў беларускіх умовах правакуе на парушэньне выбарчага заканадаўства», — адзначае экспэрт у галіне выбарчага права Сяргей Альфэр:

«Існуе мноства прыкладаў, калі ўлады і выбарчыя камісіі падазраюцца ў парушэньні заканадаўства. Таму ёсьць некалькі варыянтаў зьняцьця гэтай актуальнай праблемы. Першы — адмовіцца наагул ад датэрміновага галасаваньня. Другі — дазволіць раней апусьціць бюлетэні ў скрыні толькі тым выбарнікам, якія дакумэнтальна пацьвярджаюць немагчымасьць прыйсьці на ўчастак у асноўны дзень. І тады будзе тое, пра што казала спадарыня Ярмошына: ніхто ня будзе хадзіць галасаваць датэрмінова.

Трэці варыянт — пакінуць цяперашнюю сыстэму датэрміновага галасаваньня, але фундамэнтальна зьмяніць працэдуру фармаваньня ўчастковых камісіяў. У іх павінны дамінаваць прадстаўнікі палітычных партыяў і кандыдатаў у прэзыдэнты альбо ў дэпутаты. Пры такім кантролі маніпуляваць лічбамі будзе значна цяжэй. Чацьвёрты — апячатваць скрыні для бюлетэняў не цяперашнім плястылінам, а спэцыяльнымі плястыкавымі пячаткамі з унікальнымі кодамі, якія немагчыма парваць і падрабіць.

Ілюстрацыйнае фота

А тое, што прапануе спадарыня Ярмошына, нават касмэтычнымі зьменамі назваць цяжка».

Лідзія Ярмошына ўчора вярнулася з Туркмэністану, дзе ў якасьці назіральніцы ад місіі СНД інспэктавала тамтэйшыя прэзыдэнцкія выбары:

«Дарэчы, туркмэны запазычылі ў нас інстытут датэрміновага галасаваньня. Я была там тры гады таму на парлямэнцкіх выбарах, і тады датэрміновага галасаваньня там не існавала наагул. Цяпер жа гэтая норма зьявілася. У Туркмэністане закон дазваляе пачынаць галасаваць аж за 10 дзён да асноўнага дня выбараў. Праўда, датэрмінова там прыйшло на ўчасткі толькі крыху болей за 5% выбарнікаў. Магчыма, яны яшчэ не адаптаваліся да новай нормы.

Выбары ў Туркмэністане праходзяць значна прасьцей. Там не было ніводнай скаргі, ніводнага звароту. Магчыма, таму, што апазыцыя ня ўдзельнічае ў выбарах. Адпаведна і атмасфэра там іншая».

Ілюстрацыйнае фота. Парлямэнцкія выбары 2016 году, датэрміновае галасаваньне. «Карусэльшчыкі» ходзяць ад участка да ўчастка

Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на апошніх выбарах у Беларусі (парлямэнцкія выбары ў верасьні 2016 году) правам датэрміновага галасаваньня скарысталіся 31,29% выбарнікаў.

Ярмошына паведаміла, што Аляксандар Лукашэнка даў канчатковую згоду на правядзеньне буйной нарады пра зьмены выбарчага заканадаўства.

«Такая нарада ў прэзыдэнта абавязкова будзе. Пакуль дакладнай даты няма. Усё залежыць ад працоўнага графіку кіраўніка дзяржавы».