Сёньня а 20.15 паводле кіеўскага часу пачнецца продаж квіткоў на 9 канцэртаў песеннага конкурсу — на 6 рэпэтыцый, два паўфіналы і фінал «Эўрабачаньня-2017». Кошт квіткоў вагаецца ад 8 да 500 эўра, а набыць іх можна будзе на сайце www.concert.ua.
Тымчасам некалькі мэнэджэраў Нацыянальнай грамадзкай тэлерадыёкампаніі Ўкраіны, якія займаліся падрыхтоўкай да правядзеньня ў Кіеве песеннага конкурсу «Эўрабачаньне», адмовіліся ад далейшага ўдзелу ў праекце. Яны незадаволеныя прызначэньнем новага кіраўніцтва конкурсу ва Ўкраіне, якое «спыніла на два месяцы працу над праектам», у выніку чаго праца каманды «была цалкам заблякаваная».
Заяву падпісалі больш як 21 супрацоўнік Нацыянальнай грамадзкай тэлерадыёкампаніі (НГТРКУ).
Выканаўца абавязкаў старшыні праўленьня НГТРКУ Ганна Бычок заявіла, што гэтая няштатная сытуацыя ніякім чынам не паўплывае на выкананьне абавязацельстваў кампаніі па арганізацыі і правядзеньні «Эўрабачаньня-2017» ва Ўкраіне.
62-ы міжнародны песенны конкурс «Эўрабачаньне» адбудзецца сёлета ў траўні ў Кіеве. У ім возьмуць удзел сьпевакі з 43 краін. Галоўнай арэнай стане Міжнародны выставачны цэнтар у Кіеве. Паўфіналы адбудуцца 9 і 11 траўня, фінал — 13 траўня.
Беларусь на конкурсе будзе прадстаўляць гурт Naviband, які ўпершыню ў гісторыі «Эўрабачаньня» выканае песьню на беларускай мове. На пачатку лютага Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук прэзэнтавалі сваю кампазыцыю «Гiсторыя майго жыцьця» пад час першага паўфіналу нацыянальнага ўкраінскага адбору, які трансьляваўся ў наўпроставым эфіры на каналах СТБ и UA: Першы. Тады ж гурт Naviband зрабіў падарунак украінскай сьпявачцы Джамале, якая прывезла «Эўрабачаньне» у Кіеў, — выканаў яе пераможную песьню «1944» на беларускай мове.