Эўразьвяз фінансуе беларускія гарады, якія зьмяншаюць колькасьць парніковых газаў

Магілёў. Ілюстрацыйнае фота

Шэсьць беларускіх гарадоў — Магілёў, Клічаў, Вілейка, Шаркаўшчына, Ветка і Орша далучыліся да эўрапейскай Дамовы мэраў па клімаце і энэргіі. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў прадстаўніцтве Эўразьвязу ў Беларусі.

23 беларускія гарады ўжо ўключыліся ў гэтую праграму. А па ўсёй Эўропе яна ахоплівае 7204 населеныя пункты рознага памеру, у якіх жыве агулам больш за 225 мільёнаў чалавек.

Эўрапейскія інстытуцыі не шкадуюць грошай на зьмяншэньне колькасьці парніковых газаў і эканомію электраэнэргіі. Гэта адчуў на сабе Полацак, які першым зь беларускіх гарадоў стаў удзельнікам Дамовы мэраў. Тут з 2015 году рэалізуецца праект «ГорСьвятло». Бюджэт чатырохгадовага праекту складае 1 мільён 630 тысяч эўра, зь якіх 1 мільён 304 тысячы — унёсак Эўразьвязу. Плян дзеяньняў уключае ў сябе павышэньне энэргаэфэктыўнасьці камунальных будынкаў і прадпрыемстваў, выпрацоўваньне электрычнасьці з узнаўляемых крыніц энэргіі, пашырэньне зялёных зон... На 16 вуліцах будуць усталяваныя 900 энэргаэфэктыўных сьвятлодыёдных лямпаў. Гэта дазволіць зьменшыць гадавыя выкіды вуглякіслага газу ў атмасфэру больш як на 750 тон.

Унёсак эўрапейскіх інстытуцыяў істотны. На праекты ў Браславе Эўразьвяз выдзеліў грант памерам 600 тысяч эўра. Агульная сума затратаў тут — 750 тысяч. У Наваградку з агульных 600 тысяч эўра 540 тысяч — грошы Брусэля.

«Удзел у Дамове мэраў — гэта магчымасьць прыцягнуць інвэстыцыі для праектаў па энэргазьберажэньні ў беларускіх гарадах, — кажа нацыянальны экспэрт па Беларусі Іван Шчадронак. — Зараз пачынаецца новы праект «Дамова мэраў — Усход 2». Ён скіраваны на гарады тых краін, што ўваходзяць у праграму «Ўсходняе партнэрства». Агульны бюджэт праекту — 4,5 мільёна эўра. Тут у Беларусі вялікі патэнцыял, бо трэба адзначыць, што такія краіны, як Грузія, Малдова і Ўкраіна, пайшлі значна далей за Беларусь. Напрыклад, ва Ўкраіне да Дамовы мэраў падключыліся больш за 100 гарадоў. Яны ўжо распрацавалі свае праекты».