Аляксандар Лукашэнка сёньня заклікаў прадстаўнікоў бізнэсу да шчырага і адкрытага дыялёгу, а таксама паабяцаў спыніць ціск з боку кантрольных структур.
Пра гэта ён заявіў сёньня на нарадзе з чальцамі рабочай групы ў пытаньнях удасканаленьня кантрольнай дзейнасьці і выключэньні залішніх патрабаваньняў да бізнэсу, перадае БелТА.
«Зьвяртаюся да прадстаўнікоў дзелавых колаў, асабліва тых, якія тут прысутнічаюць. У працэсе працы вам даводзіцца непасрэдна сутыкацца з мноствам абсурдных патрабаваньняў і бясконцай чарадой праверак. Я вас заклікаю да максымальна сумленнага і адкрытага дыялёгу ў групе», — сказаў Лукашэнка.
«Расказвайце пра існуючыя праблемы, уносьце канструктыўныя прапановы і, самае галоўнае, нічога ня бойцеся», — заклікаў Аляксандар Лукашэнка, які гарантаваў, што ніякага ціску з боку кантрольных ды іншых структур ня будзе.
Сустрэча праходзіць пасьля таго, як 9 лютага Міністэрства надзвычайных сытуацыяў цалкам спыніла праверкі малога і сярэдняга бізнэсу.
Найбольш ад праверак з боку МНС пакутавалі прадпрымальнікі, якія займаюцца гандлем, грамадзкім харчаваньнем і будаўніцтвам.
Пра гатоўнасьць скараціць праверкі і кантрольныя нарматывы, адначасова павялічыўшы адказнасьць бізнэс-кіраўнікоў, Аляксандар Лукашэнка заявіў 3 лютага падчас «Вялікай размовы з прэзыдэнтам».