Імем Грамыкі Масква назвала спрэчны востраў на Курылах, Японія пратэстуе

Генэральны сакратар ураду Японіі Ёсіхідэ Суґа (Yoshihide Suga)

Японскія афіцыйныя асобы заявілі пратэст Расеі ў сувязі з рашэньнем Масквы назваць пяць раней безыменных астравоў, якія належаць да Паўднёвакурыльскага архіпелагу.

«Гэта непрымальна і супярэчыць пазыцыі Японіі. Дыпляматычнымі каналамі мы накіравалі ноту пратэсту Расеі», — сказаў генэральны сакратар ураду Ёсіхідэ Суґа на прэс-канфэрэнцыі ў Токіё 14 лютага.

Прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў на мінулым тыдні заявіў пра тое, што Масква дала імёны пяці астравам. Адзін зь іх названы ў гонар генэрала Кузьмы Дзеравянкі, які падпісаў акт аб капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе; іншая назва ўшаноўвае савецкага дыплямата Андрэя Грамыку, які быў міністрам замежных спраў Савецкага Саюзу з 1957 да 1985 году.

Савецкія войскі захапілі японскія астравы Шыкатан, Кунашыр, Ітуруп і Хабамаі, а таксама шэраг неназваных участкаў сушы ў 1945 годзе — пасьля таго, як Японія капітулявала. Тэрытарыяльныя спрэчкі перашкодзілі дзьвюм краінам заключыць мірную дамову. Токіё настойвае на вяртаньні гэтых выспаў, якія называе Паўночнымі тэрыторыямі.