Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 13 лютага падпісаў указ, згодна зь якім колькасьць дзяржаўных службоўцаў адміністрацыі прэзыдэнта скарачаецца на 30%.
Указ уступае ў сілу 1 траўня гэтага году, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.
Указ аб аптымізацыі Адміністрацыі прэзыдэнта накіраваны на ўдасканаленьне дзейнасьці Адміністрацыі, аптымізацыю яе структуры і колькасьці.
Дакумэнтам зацьверджаныя ў новай рэдакцыі Палажэньне аб адміністрацыі прэзыдэнта і яе структура, а таксама палажэньне аб памочніку прэзыдэнта і прэс-сакратару.
Таксама актуалізаваныя функцыі і паўнамоцтвы адміністрацыі прэзыдэнта. Рэфармуецца інстытут памочнікаў кіраўніка дзяржавы. Уводзяцца дзьве новыя пасады памочнікаў прэзыдэнта.
Памочнік прэзыдэнта ў пытаньнях заканадаўчай і судовай дзейнасьці забясьпечыць узаемадзеяньне кіраўніка дзяржавы з заканадаўчай і судовай галінамі ўлады. А памочнік у пытаньнях разьвіцьця фінансава-крэдытнай сыстэмы — кантроль за выкананьнем даручэньняў Лукашэнкі ў пытаньнях дзейнасьці банкаў і нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацыяў.
Новае Палажэньне аб прэзыдэнцкім прэс-сакратару прадугледжвае значнае пашырэньне функцыяў і паўнамоцтваў прэс-сакратара, у тым ліку ў справе каардынацыі дзейнасьці найважнейшых дзяржаўных СМІ.