Расейскі пісьменьнік Захар Прылепін стаў намесьнікам камандзіра аднаго з падразьдзяленьняў сэпаратыстаў у Данецкай вобласьці Ўкраіны, на тэрыторыі, кантраляванай сэпаратыстамі самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі».
Як распавёў Прылепін тэлеканалу «Дождж», «батальён спэцыяльнага прызначэньня» пачаў фармавацца яшчэ летась па яго ініцыятыве. «І мы будзем імкнуцца да таго, каб на белым кані ўехаць у якой-небудзь найбліжэйшы горад, які быў пакінуты намі ў сілу розных прычын», — заявіў пісьменьнік у інтэрвію «Комсомольской правде». Канчатковай мэтай вайны пісьменьнік назваў Кіеў.
У камэнтары для «Дажджу» Прылепін дадаў, што падразьдзяленьне знаходзіцца на лініі судакрананьня з украінскімі вайскоўцамі ў Данбасе. Адказваючы на пытаньне, ці ўдзельнічаў ён у баях, пісьменьнік адзначыў, што «палітрук — гэта не выхавальнік у дзіцячым садку», як «замкамбат», ён ня можа не прымаць удзелу ў баявых дзеяньнях. У публікацыі «Комсомольской правды» сьцьвярджаецца, што ў «ДНР» яму прысвоенае «званьне» маёра.
Ад пачатку ўзброенага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны Захар Прылепін актыўна падтрымліваў прарасейскіх сэпаратыстаў. У прыватнасьці, ён займаўся дастаўкай так званай гуманітарнай дапамогі ў «ДНР». Ад 2015 году ён зьяўляецца дарадцам кіраўніка самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандра Захарчанкі і апублікаваў пра яго кнігу.
Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў заявіў, што Крэмль «канстатуе» той факт, што грамадзянін Расеі Прылепін знаходзіцца ў Данбасе, але «не камэнтуе» яго.
У 1990-х гадах Прылепін служыў у АМАПе, удзельнічаў у апэрацыях у Чачні і Дагестане. Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасьці незарэгістраванай партыі «Іншая Расея» на чале з Эдуардам Лімонавым. Зьяўляецца ляўрэатам шэрагу літаратурных прэміяў.