Школьніку зь Цюменскай вобласьці пагражае калёнія за «прыніжэньне» уладаў

Сьледчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу ў дачыненьні да 16-гадовага жыхара Цюменскай вобласьці за стварэньне групы ў сацыяльнай сетцы «Укантакце». Паводле вэрсіі сьледзтва, у гэтай супольнасьці малады чалавек апублікаваў паведамленьне, якое прыніжае чалавечую годнасьць «прадстаўнікоў улады».

Школьніка абвінавачваюць паводле артыкулу аб «узбуджэньні нянавісьці альбо варожасьці», яму пагражае да пяці гадоў пазбаўленьня волі. Пры ператрусе ў яго дома былі канфіскаваныя трафарэты і ўлёткі, якія былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Імя абвінавачанага, як і назва групы ў «Укантакце», інфармацыю ў якой сьледчыя палічылі абразьлівай для ўладаў, не называецца.

Паводле дадзеных Міжнароднай праваабарончай групы «Агора», толькі за 2016 год у Расеі да крымінальнай адказнасьці за запісы і рэпост у сацыяльных сетках былі прыцягнутыя амаль 300 чалавек, 29 зь іх былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў пазбаўленьня волі.