Паводле цяперашняга заканадаўства, у 2020 годзе ў Беларусі маюць адбыцца прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары. Андрэй Дзьмітрыеў жа пачаў выкарыстоўваць хэштэг пасьля парлямэнцкіх выбараў 2016 году, на якіх кандыдатамі ў дэпутаты ішоў як ён, так і ягоная паплечніца, кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч. Але Караткевіч выкарыстоўвала адпаведны хэштэг толькі пару разоў, не карысталася ім з кастрычніка 2016 году.
Ці значыць гэта, што ад «Гавары праўду» ўжо выбраны кандыдат у прэзыдэнты?
«Гэта мая праца на будучыню, але ёсьць пляны наконт мяне ці няма, я пакуль не камэнтую, — кажа Дзьмітрыеў Свабодзе. — Безумоўна, кампанія „Гавары праўду“ зьбіраецца ўдзельнічаць у выбарах і выстаўляць свайго кандыдата.
Іншая справа, калі гэтыя выбары будуць: у 2018-м датэрміновыя, у 2020-м ці ў 2023-м... Паглядзім! Бо ёсьць вялікая верагоднасьць, што ў 2018 годзе будзе рэфэрэндум, які зьменіць Канстытуцыю (гэтага не выключала таксама старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. — РС.). Мы цяпер бачым шмат крокаў, якія дзеля гэтага робяцца.
І тая фраза пра „па пяцьсот“, што трэба наганяць заробак, і тое, што парлямэнцкія слуханьні пра сьмяротнае пакараньне хочуць правесьці ў студзені наступнага году... Усё да таго ідзе, каб потым сказаць: вось вам заробак палепшылі, усё зрабілі, і вось рэфэрэндум, дзе будзе новая рэдакцыя Канстытуцыі, дзе будуць падоўжаныя ў тым ліку паўнамоцтвы ўлады.
Пасьля гэтага ёсьць некалькі сцэнароў, якія сёньня, як мы ведаем, прапрацоўваюцца ва ўладзе. Першы — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары адразу ў 2018 годзе з новай Канстытуцыяй, другі — аднясеньне выбараў да 2023 году, пачнуць тэрмін сем гадоў лічыць зь 2015 году. Таму мы рыхтуемся да ўдзелу, але паглядзім, бо істотна могуць быць зьмененыя ўмовы гэтага ўдзелу».
У Беларусі можна балятавацца ў прэзыдэнты ва ўзросьце ад 35 гадоў. Дзьмітрыеў дасягнуў такога ўзросту 12 траўня 2016 году — на прэзыдэнцкія выбары ў 2015-м ён яшчэ ня мог пайсьці.