«Наведалі разам з жонкай нашага бацьку. Ён — малайчына, з кожным днём адчувае сябе лепей. Ужо дактары дазволілі самастойна хадзіць у сталовую. Кожную гадзіну яму неабходна рабіць практыкаваньні на дыханьне, і ён вельмі стараецца. Зачытвалі яму вашы цёплыя словы і пажаданьні, дасланыя праз інтэрнэт. Расчуліўся і дзякаваў усім за падтрымку. Бацька з мабільным тэлефонам, аднак часам яго адключае, бо робяць капельніцы, перавязкі і г.д. Наперадзе нас чакае доўгая рэабілітацыя, але мы шчасьлівыя, што страшная небясьпека мінула, і спадзяемся на лепшае», — піша Ігар Марачкін.
На старонцы сына мастака сотні людзей зычаць Аляксею Марачкіну здароўя.
Вось што напісаў сёньня ў фэйсбуку бард Зьміцер Захарэвіч.
«Сёньня размаўляў па тэлефоне з Аляксеем Антонавічам Марачкіным.
Нягледзячы на тое, што ён, як аказалася, знаходзіўся ў той час пад кропельніцай, голас у нашага мэтра быў бадзёры і поўны аптымізму. Аляксей Антонавіч хоць і сказаў, што яму, на жаль, давялося на некаторы час адкласьці ажыцьцяўленьне пэўных творчых задумаў, адзначыў, што ўжо сам ходзіць у сталоўку і на перавязкі. Найболей жа ўсьцешыла дасьціпная заўвага Аляксея Антонавіча, што „мэдсястрычкі ў бальніцы — прыгожыя дзяўчаты!“ Бо яна ёсьць бясспрэчным доказам таго, што выбітны беларускі мастак ідзе на папраўку!»
Аляксею Марачкіну зрабілі апэрацыю (шунтаваньне) 7 лютага. Паводле сына, «неабходнасьць апэрацыі ўзьнікла ўночы 7 лютага, таму бязьмерная наша ўдзячнасьць дырэктару РНПЦ „Кардыялёгія“ Аляксандру Генадзевічу Мрочаку, які арганізаваў брыгаду высокапрафэсійных спэцыялістаў, сярод якіх хірург Сьпірыдонаў Сяргей Віктаравіч і анэстэзіёляг Шаўрыкаў Антон Аляксандравіч. Дзякуючы гэтым таленавітым дактарам складаная апэрацыя прайшла пасьпяхова. Бацька ўжо пераведзены з рэанімацыі ў палату. Усім сябрам і знаёмым перадае прывітаньне і просіць прабачэньня, што пакуль ня зможа адказваць на ўсе тэлефонныя званкі», — пісаў Ігар Марачкін.
Мастак, грамадзка-культурны дзеяч Аляксей Марачкін нарадзіўся 30 сакавіка 1940 году на Магілёўшчыне. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага пэдінстытуту і аддзяленьне жывапісу Менскага тэатральна-мастацкага інстытуту, у якім праз два дзесяцігодзьдзі загадваў катэдрай жывапісу. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня творчай суполкі «Пагоня». Аўтар шматлікіх калектыўных і пэрсанальных выставаў на радзіме і за мяжой. Творы Аляксея Марачкіна знаходзяцца ў музэях і галерэях Беларусі, ЗША, Брытаніі, Нямеччыны і ў многіх прыватных калекцыях. На загад чыноўнікаў цяперашняй улады ягоныя карціны неаднаразова здымаліся з экспазыцый.
Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку сын мастака Ігар Марачкін.