Яўка на выбарах, паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, перавысіла 97 працэнтаў. Карэспандэнты туркмэнскай службы Радыё Свабода (Радыё Азатлык) пры гэтым паведамляюць, што вялікай актыўнасьці на выбарчых участках у нядзелю не назіралася.
Папярэднія вынікі галасаваньня стануць вядомыя ў панядзелак.
Бердымухамэдаў упершыню стаў прэзыдэнтам Туркмэністану ў 2007 годзе. На выбарах у 2012 годзе за яго, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 97 адсоткаў выбаршчыкаў. Тады ў ЦВК краіны гэтак жа заяўлялі пра амаль стоадсоткавую яўку.
У верасьні 2016 году ў Канстытуцыю Туркмэністану былі ўнесеныя зьмены, якія павялічваюць тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з 5 да 7 гадоў. Тады ж было адменена ўзроставае абмежаваньне для абраньня прэзыдэнтам.
Your browser doesn’t support HTML5
Туркмэністан перад складаным выбарам: як праходзяць выбары прэзыдэнта ў самай закрытай краіне Цэнтральнай Азіі
У 2017 годзе працэс абраньня прэзыдэнта Туркмэністана ўпершыню стаў шматпартыйным. Сам дзейны прэзыдэнт вылучаны ад Дэмакратычнай партыі, а сярод яго канкурэнтаў — кандыдаты ад Партыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў і ад Аграрнай партыі.
Дзейны прэзыдэнт Туркмэністана піша павучальныя кнігі для грамадзян краіны, займаецца аўтагонкамі, таксама яго ўзвышаюць як майстра верхавой язды, спартоўца, сьпевака і кампазытара. Пры гэтым за апошні год у краіне арыштавалі адразу трох вядомых туркмэнскіх сьпевакоў, а адзін з іх нават прызнаваўся ў сваіх злачынствах у эфіры дзяржаўнага ТВ. Тыя выканаўцы, што засталіся, прафэсіяналізмам не вылучаюцца.
Your browser doesn’t support HTML5
Скокі на выбарах прэзыдэнта ў Туркмэністане
Напярэдадні галасаваньня прэзыдэнт «царскім жэстам» аддаў свой эфірны час на дзяржаўным тэлеканале канкурэнтам па выбарах, каб тыя таксама змаглі правесьці агітацыйную кампанію. Але канкурэнтам гэта мала дапамагло. Хоць Бердымухамэдаў і не выступаў з перадвыбарнымі прамовамі, усе трансьляцыі яго сустрэч з насельніцтвам туркмэнская тэлевізія ператварыла ў актыўную перадвыбарчую кампанію прэзыдэнта. Асаблівы ўпор рабіўся на тое, як Бердымухамэдаў уручаў падарункі і даваў абяцаньні.
Яшчэ ў 2015 годзе ў Ашхабадзе яму пры жыцьці паставілі пазалочаны помнік.