Берасьцейскія мытнікі назвалі Скарыну «чалавекам зь невядомай сымболікай»

7200 налепак суполкі «Мая краіна Беларусь» з выявамі нацыянальнай сымболікі, канфіскаваныя берасьцейскімі мытнікамі, адправілі на экспэртызу. Пра гэта Свабодзе паведаміў адзін з адміністратараў суполкі.




Іншы адміністратар суполкі, студэнт аднаго зь менскіх ВНУ, уяжджаў 1 лютага ў Беларусь з Украіны праз пераход «Хаціслаў». Падчас асабістага дагляду мытнікі знайшлі друкаваную прадукцыю ў асабістых рэчаў і склалі пратакол. У акце адбору гаворыцца, што «зьмест некаторых налепак, як мяркуецца, мае экстрэмісцкі характар».


Сканфіскаваныя налепкі дзевяці відаў. Сярод іх выявы герба «Пагоня», Францішка Скарыны і бел-чырвонага белага сьцягу.

У тэксьце рашэньня гербы «Пагоня» і «Калюмны», а таксама лягатып суполкі фігуруюць як «невядомая сымболіка». Францішка Скарыну мытнікі назвалі «чалавекам зь невядомай сымболікай».



У рашэньні пра прызначэньне пералік налепак прадстаўлены наступным чынам:



1. Налепка «500 гадоў Беларускай Бібліі» з выявай чалавека (Францішак Скарына — РС) зь невядомай сымболікай.

2. Налепка «Ня сілай, а розумам» з выявай сонца, кнігі і невядомай сымболікі.

3. Налепка «Падатак з выявай чалавека і чатырох грузавых машынаў».

4. Налепка з выявай чалавека з галавой зубра і невядомай сымболікай.



«Мая краіна Беларусь» — адна з самых папулярных беларускіх суполак у сацыяльных сетках. На яе падпісана каля 150 тысяч чалавек.