«Тое, што пытанне пазытыўна вырашылася, гэта добрае сьведчаньне, што супярэчаньняў паміж намі няма. Вельмі разьлічваю на тое, што гэта не тэндэнцыя, а выпадак», — распавёў Свабодзе Сяргей Жадан.
Раніцай стала вядома, што ўкраінскаму пісьменьніку Сяргею Жадану паставілі штамп у пашпарт аб забароне на ўезд у Беларусь на нявызначаны тэрмін. У нумар гатэлю ў Менску каля дзьвюх гадзін ночы да яго ўварваўся міліцэйскі патруль. Нічога не тлумачачы, міліцыянты даставілі Сяргея Жадана ў пастарунак, потым павезьлі ў Ленінскі РУУС.
Сяргей Жадан распавёў Свабодзе, што ў 2015-м годзе яму быў забаронены ўезд на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі з фармулёўкай «за датычнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Забарона аўтаматычна пераходзіць і да Беларусі з Казахстанам.
Хоць Жадану анулявалі забарону ўяжджаць у Беларусь, ён усё адно зьехаў у ноч на 12 лютага зь Менску ў Кіеў, як гэта плянаваў яшчэ да свайго затрыманьня. У інтэрвію Свабодзе перад сваім ад’ездам Жадан сказаў, што цяпер ён будзе вымушаны прыяжджаць у Беларусь:
«Я цяпер проста вымушаны сюды прыяжджаць, – сказаў Жадан Свабодзе. – Мы зараз будзем рыхтаваць канцэрт з музыкамі [гурту] „Сабакі ў космасе“. У траўні мы дас вернемся».