Аляксей Бацян, па-сапраўднаму Аляксандар, беларус. Ён нарадзіўся ў вёсцы Чартовічы ў цяперашнім Валожынскім раёне. У 1939 годзе яго прызвалі ў Войскае польскае. Ён удзельнічаў у баях пад Варшавай і нават зьбіў тры нямецкія «Юнкерсы». Пазьней 22-гадовы Бацян трапіў у савецкі палон, вярнуўся на Валожыншчыну і, пасьля непрацяглага настаўніцтва, быў завэрбаваны НКВД. Пасьля заканчэньня разьведвальнай школы ў Маскве ён трапіў у 4-е аддзяленьне НКВД, якое падпарадкоўвалася Паўлу Судаплатаву. Бацяна накіравалі арганізоўваць дывэрсійную дзейнасьць у Расеі, Беларусі, Украіне, Польшчы і Чэхаславачыне. Самым вядомым эпізодам яго дзейнасьці стала, нібыта, выратаваньне ад зьнішчэньня Кракава. Менавіта Бацян стаў прататыпам «маёра Віхра», аднайменнага раману Юліяна Сямёнава і трохсэрыйнага савецкагу фільму.
Расейскія гісторыкі сьцьвярджаюць, што ў студзені 1945 году ён кіраваў апэрацыяй па зьнішчэньні складу выбухоўкі ў Каралеўскім замку ў Новым Сончы, непадалёк ад Кракава. Менавіта ёю, як сьцьвярджае Бацян, пакідаючы Кракаў перад уваходам Чырвонай Арміі, немцы меліся падарваць горад. За гэта ў 2007 годзе Ўладзімер Пуцін прысвоіў яму званьне «Героя Расеі».
Радыё Свабода датэлефанавалася да Аляксея Бацяна. 100-гадовы ўраджэнец Валожыншчыны бадзёрым голасам не разгубіўся на вітаньне і віншаваньне зь юбілеем на беларускай мове. Зрэшты, беларускае паходжаньне Бацяна адразу выдае яго цьвёрдае ч, гучнае г і канцоўкі -аў замест -ов.
Бацян: Дзякуй Вам вялікі
Гурневіч: Аляксей Мікалаевіч, ці бываеце вы яшчэ ў Беларусі? Калі былі апошні раз?
Бацян: Я там бываю штогод. Я там нарадзіўся і вырас. Для мяне там усё сваё, роднае. І сёлета абавязкова прыеду.
Гурневіч: І як вам сёньняшняя Беларусь?
Бацян: Я праводжу час у асноўным у Менску. Там жыве мой пляменьнік. І я ў яго гасьцюю. І потым мы ўжо разам зь ім падарожнічаем. Ён ведае цікавыя і прыгожыя месцы і возіць мяне, паказвае. Я заўсёды ў захапленьні.
Гурневіч: А ці засталіся ў Чартовічах сваякі, ці сябры?
Бацян: Там, па вялікім рахунку, ужо амаль нікога няма. Ужо мінула столькі часу, як выехаў адтуль — больш за паўстагодзьдзя. Але мяне заўсёды цягне дадому. Там яшчэ стаіць наша хата. Ёсьць агарод. Пляменьнік зь Менску прыяжджае і апрацоўвае гэта ўсё.
Гурневіч: А беларускую мову памятаеце?
Бацян: А як жа. Мы па-беларуску дома размаўлялі. Школаў тады ня было беларускіх, толькі польскія. Мы ж 19 год былі ў складзе Польшчы. Але дома толькі па-беларуску. Але цяпер ужо цяжка было б гаварыць. Столькі год у Расеі пражыўшы.
Гурневіч: А ці вы сочыце за падзеямі ў Беларусі?
Бацян: Вядома. Я ў курсе справаў. Я чытаю, і гляджу, і сам прыяжджаю. Хаджу ў грыбы. Там жа і рыбалку можна арганізаваць, і паляваньне. Абавязкова прыеду і ў гэтым годзе.
Перайсьці да ўспамінаў бурлівай маладосьці мы так і не пасьпелі. Нашу размову перапыніў прыход гасьцей да юбіляра.
А спытацца было пра што. Рэч у тым, што польскія гісторыкі сумняваюцца ў праўдзівасьці гісторыі пра выратаваньне Бацяном Кракава. У 2009 годзе кракаўскі гісторык Мацей Коркуць у інтэрвію газэце Rzeczpospolita назваў сэнсацыйнае адкрыцьцё расейскіх гісторыкаў «творам прапаганды». Паводле яго, падрыў выбухоўкі ў Ночым Сончы ня мог мець дачыненьня да выртаваньня Кракава, паколькі падчас выбуху Чырвоная Армія ўжо займала Кракаў. Адпаведна ў немцаў ня было магчымасьці выкарыстаць выбухоўку па прызначэньні.
Тым ня менш значнасьці асобы Бацяна падчас вайны гісторыкі не аспрэчваюць. Яго лічылі адным з самых небясьпечных НКДВыстаў, які дзейнічаў на поўдні Польшчы. Польскае падпольле нават вынесла яму сьмяротны прысуд. Доўгі час лічылася, што польскія падпольшчыкі яго выканалі. Але пасьля вайны Бацян вярнуўся ў Маскву, працягваў працаваць у МГБ, КГБ і ўдзельнічаў у шэрагу апэрацый у эўрапейскіх краінах, інфармацыя пра якія дагэтуль засакрэчаная. З КГБ ён, паводле афіцыйных вэрсіі, разьвітаўся ў 1989 годзе.