Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп лічыць, што падтрымка сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны спрыяе ўмацаваньню эўрапейскай бясьпекі.
Амэрыканскі лідэр пацьвердзіў гэта ў пасланьні на імя прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце. Яно было накіравана з нагоды Дня аднаўленьня дзяржаўнасьці Літвы — сьвята, якое адзначаецца там 16 лютага, паведамляе ТАСС.
Як сьцьвярджаецца ў дакумэнце, тэкст якога апублікавала амэрыканская амбасада ў Вільні, «Літва зьяўляецца лідэрам у прасоўваньні дэмакратыі і ўмацаваньні трансатлянтычнай супольнасьці».
«Вашы падтрымка сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Украіны, а таксама намаганьні, закліканыя пашырыць дывэрсыфікацыю крыніц энэргарэсурсаў, прасоўваюць нашы агульныя мэты, якія складаюцца ў тым, каб умацаваць эўрапейскую і рэгіянальную бясьпеку», — мяркуе новы кіраўнік вашынгтонскай адміністрацыі.
Паводле яго, Злучаныя Штаты «ганарацца называць Літву сябрам і саюзьнікам». Цяперашні амэрыканскі ўрад наладжаны на працу з уладамі Літвы дзеля дасягненьня агульных мэтаў, запэўніў Трамп.