Расейская «Новая газэта» паведаміла, што камандзір батальёну сэпаратыстаў «Самалі» Міхаіл Талстых, вядомы пад мянушкай Гіві, быў забіты чатырма сваімі падначаленымі.
Паводле выданьня, у рэдакцыю зьвярнуўся чалавек, які прадставіўся грамадзянінам Расеі Ігарам Мыльцавым з пазыўным «Француз». Мыльцаў сказаў, што разам з трыма іншымі байцамі батальёну ён забіў «Гіві» ў адплату за здраду падчас баёў пад Аўдзееўкай у студзені 2017 году.
Паводле Мыльцава, падчас баёў Талстых, баючыся за сваё жыццё, употай стрэліў сабе ў нагу. Калі яго забралі з поля бою, ён нібыта загадаў адкрыць агонь па сваіх.
Мыльцаў, паводле газэты, паведаміў, што цяпер ён знаходзіцца ў ваколіцах Данецку.