Беларусь дамовілася з Расеяй аб пастаўках электраэнэргіі, чакае ад Украіны ніжэйшай цаны

Беларусь узгадніла з Расеяй аб’ёмы паставак электраэнэргіі на 2017 год, перадае БЕЛТА. У Беларусь з Расеі імпартуюць 2,5 млрд кВт-гдз (яшчэ 1 млрд кВт-гдз — рэзэрвы). Гэта тыя ж аб’ёмы, што былі ўзгодненыя на 2016 год (на 10,7% меней за 2015-ты).

Але па-ранейшаму няма дамовы на пастаўкі электраэнэргіі з Украіны. Як заявіў намесьнік міністра энэргетыкі Вадзім Закрэўскі, імпартаваць электраэнэргію з Украіны можна было б тады, калі б цана была меншая за расейскую. Пра гатоўнасьць аднавіць імпарт, прыпынены ў лістападзе 2014 году, Беларусь і Ўкраіна казалі яшчэ ў чэрвені 2016-га.

Экспэрт у галіне энэргетыкі выданьня belrynok.by Тацяна Манёнак тлумачыла Свабодзе, што імпарт электраэнэргіі з Украіны быў прыпынены з шэрагу прычын:

«Па-першае, нейкі час украінцам самім не хапала энэргіі. Па-другое, беларускія ўлады меркавалі транзытаваць украінскую энэргію ў Літву, не дамаўляючыся папярэдне з расейцамі. А беларуская энэргасыстэма ўтварае супольнае кальцо з расейскай. Ну, а ў Маскве, зразумела, не хацелі, каб украінцы атрымлівалі валюту зь Літвы».

Пасьля запуску БелАЭС (увядзеньне ў эксплюатацыю першага энергаблёку Беларускай АЭС адкладзенае да 2019 году) складуцца, як сьцьвярджае Закрэўскі, добрыя перадумовы для паставак электраэнэргіі на экспарт праз «агульны рынак» ЭАЭС. Пытаньне экспарту ў эўрапейскія краіны «таксама актуальнае», заявіў Закрэўскі (раней міністар замежных спраў Літвы казаў Беларусі не спадзявацца на гэта).

Перамовы наконт газу з Расеяй тым часам «працягваюцца на ўзроўні віцэ-прэм’ераў», кажа Закрэўскі. Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзь Дварковіч днём раней казаў, што ў пытаньні «няма зрухаў», Расея чакае ад Беларусі прапаноў і грошай.