«Андрэй Бандарэнка. Не хуліган, а палітвязень», — Міхаіл Пастухоў напісаў кнігу пра зьняволенага праваабаронцу

Вечар салідарнасьці з Андрэем Бандарэнкам, Міхаілам Жамчужным ды іншымі вязьнямі

Актывістка Ганна Шапуцька мяркуе, што сытуацыя з Андрэем Бандарэнкам патрабуе надзвычайных намаганьняў грамадзкасьці. 9 лютага ў Ленінскім судзе Магілёва адбудзецца папярэдняе паседжаньне суду ў справе новага абвінавачаньня Бандарэнкі. Яму пагражае яшчэ 2 гады зьняволеньня, на дадатак да 3 гадоў за злоснае хуліганства, якія ён адбудзе на пачатку сакавіка.

Ганна Шапуцька

«Гэта, безумоўна, рыхтуецца расправа з Бандарэнкам за ягоную былую працу. Яму помсьцяць за тое, што ён змагаўся са злачынствамі міліцыі ў турмах і на працоўных месцах», — кажа Ганна Шапуцька.

Актывістка нагадала справы, якія агучыў праваабаронца Андрэй Бандарэнка і ў якіх выступалі злоўжываньні з боку міліцыі: справы Васіля Сарочыка, Ігара Пцічкіна, Юрыя Чыгілейчыка ды іншых. Таксама Ганна Шапуцька нагадала, што ў 2011 годзе Андрэй Бандарэнка выступіў з трыбуны ААН і расказаў пра парушэньні правоў людзей у беларускіх вязьніцах.

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў напісаў і на свае грошы выдаў кніжку пад назвай «Андрэй Бандарэнка. Не хуліган, а палітвязень». У кнізе Міхаіл Пастухоў выклаў аналіз крымінальнай справы аб злосным хуліганстве Андрэя Бандарэнкі.

Міхаіл Пастухоў

На думку аўтара, гэтую справу выкарысталі, каб зьняволіць актыўнага праваабаронцу. Таксама спадар Пастухоў прывёў вытрымкі зь перапіскі з Андрэем Бандарэнкам, якую вядзе з 2014 году. У тым ліку ліст, датаваны 7 красавіка 2016 году:

«Яшчэ адна гарачая навіна: 20 верасьня на мяне наклалі адразу 2 парушэньні. Я склейваў канвэрты, і некалькі зь іх склеіліся паміж сабой, што бывае. Гэта палічылі парушэньнем. У выніку — новая вымова».

Заканчваецца цытаваньне перапіскі з Бандарэнкам такой заўвагай:

«Далей перапіска з Андрэем Бандарэнкам спыняецца, але не па ягонай віне. Пасьля завядзеньня на яго крымінальнай справы паводле 411 артыкула адміністрацыя магілёўскай турмы, верагодна, наклала табу на ягоную перапіску. З 14 лістапада ад Андрэя Бандарэнкі лістоў больш не было».

Палітык Аляксандар Дабравольскі сказаў:

Аляксандар Дабравольскі

«Калі Бандарэнка ў канцы 2010-х гадоў вырашыў ісьці ў дэпутаты Нацыянальнага сходу, каб мяняць сытуацыю ў краіне, я спытаў яго, ці разумее ён, якія будуць наступствы для яго, бо ён жа бізнэсовец. Ён сказаў, што разумее. Але потым я пераканаўся, што ён перабольшваў і да канца ня мог уявіць, што ўлада зробіць з тым, хто вырашыў змагацца за праўду.

Андрэй спрабаваў даказаць, што вынікі выбараў сфальшавалі. Не супакоіўся, калі яго папярэдзілі, што гэтым лепш не займацца. У выніку ў яго адабралі бізнэс, арыштавалі і пасадзілі.

Калі ён вызваліўся, дык знайшоў сябе ў абароне іншых вязьняў і рабіў сваю справу вельмі добра, лепш за іншых.

Так, я згодны, што ён зрабіў непрыгожы ўчынак у сытуацыі з тымі жанчынамі. Але заўважу, што ўва ўсіх трох эпізодах аб злосным хуліганстве ня ён быў ініцыятарам канфліктаў. А значыць, гэта была правакацыя. У першым эпізодзе — дакладна, у іншых яго памылкі маглі скарыстаць дзеля таго, каб вывесьці справу на артыкул аб асабліва злосным хуліганстве.

Чаму мы павінны абараняць Бандарэнку? Бо сёньня дадуць новы тэрмін яму, потым Міхаілу Жамчужнаму, потым іншым, і гэтак далей. Гэты канвэер трэба спыніць».

Былы палітвязень і праваабаронца Мікалай Аўтуховіч:

Мікалай Аўтуховіч

«Да зьяўленьня палітвязьняў сытуацыяй у калёніях зусім ніхто не займаўся. Потым сталі абараняць правы палітычных вязьняў, але на іншых усё роўна не зьвярталі ўвагі. І толькі пасьля таго, як Андрэй Бандарэнка стварыў „Плятформу“, сытуацыя зьмянілася.

Колькі шуму нарабіў ён у Івацэвіцкай калёніі, дзе я сядзеў! Гэта было на маіх вачах. Ён закідваў адміністрацыю скаргамі, яны мусілі адказваць і страшна нэрваваліся.

Андрэй сапраўды дапамагаў вязьням, і яго за гэта пакаралі праз правакацыю. Я ў гэтым перакананы, бо ведаю гэтую сыстэму знутры».

Актывісты не выключаюць, што 9 лютага папярэднія слуханьні ў справе Андрэя Бандарэнкі могуць ператварыцца ў судовы працэс. У гэтым выпадку актывісты вырашылі правесьці акцыю салідарнасьці.