Дзярждэп ЗША пра справу Навальнага: Расея «душыць незалежныя галасы»

Аляксей Навальны

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту назваў абвінаваўчы прысуд, вынесены расейскаму апазыцыянэру Аляксею Навальнаму, «чарговым прыкладам таго, як расейскі ўрад працягвае душыць незалежныя галасы», перадае «Голас Амэрыкі».

У сераду суд у Кіраве паўторна прызнаў Навальнага, лідэра незарэгістраванай «Партыі прагрэсу», і прадпрымальніка Пятра Афіцэрава вінаватымі ў так званай «справе „Кировлеса“» і прызначыў Навальнаму пакараньне — 5 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна, Афіцэраву — 4 гады ўмоўна.

Такім чынам, паўторны суд цалкам паўтарыў ход папярэдняга працэсу, што адбыўся ў 2013 годзе, у выніку якога быў вынесены дакладна такі жа прысуд.

Сам Навальны адразу ж пасьля вынясеньня прысуду заявіў журналістам, што не прызнае гэтага судовага рашэньня:

«Гэтага прысуду мы не прызнаём, гэты прысуд будзе адменены, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй я маю поўнае права ўдзельнічаць у выбарах, і я буду гэта рабіць».

Апазыцыянэр таксама паведаміў, што будзе абскарджваць новае рашэньне ў «справе „Кировлеса“» ва ўсіх судах, у тым ліку ў Канстытуцыйным судзе Расеі.

Новы разгляд «справы „Кировлеса“» адбыўся пасьля таго, як Вярхоўны суд Расеі ў канцы мінулага году прызначыў новы працэс, скасаваў раней вынесены прысуд з прычыны рашэньня Эўрапейскага суду ў правах чалавека (ЭСПЧ). У лютым 2016 ЭСПЧ пастанавіў, што расейскія суды дапусьцілі «адвольнае тлумачэньне закону, якое парушае правы абвінавачваных».

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, які гутарыў з журналістамі на ўмовах захаваньня ананімнасьці, заявіў, што ўлады ЗША занепакоеныя чарговым абвінаваўчым прысудам Навальнаму:

«Гэтае рашэньне ёсьць чарговым прыкладам таго, як расейскі ўрад працягвае душыць незалежныя галасы, у тым ліку апазыцыйных палітыкаў», — сказаў прадстаўнік.

Паводле яго, «расейскі народ, як і людзі па ўсім сьвеце, заслугоўвае ўраду, які падтрымлівае адкрыты абмен ідэямі, празрыстага і адказнага кіраваньня, роўнасьці перад законам і магчымасьці карыстацца сваімі правамі бяз страху помсты».

«Мы заклікаем расейскі ўрад прадставіць справядлівыя ўмовы ўсім палітычным партыям, якія жадаюць удзельнічаць у дэмакратычным кіраваньні краінай», — дадаў прадстаўнік.