Меркаваны хакер з «Шалтай-Болтай» кажа пра ўгоду з ФСБ

Апошні не арыштаваны расейскімі ўладамі ўдзельнік хакерскай групы «Шалтай-Болтай» 8 лютага назваў сваё імя інтэрнэт-выданьню «Фонтанка». Ён распавёў, што яго завуць Аляксандр Глазасьцікаў і ён праграміст зь Пецярбургу.

Глазасьцікаў кажа, што цяпер ён знаходзіцца ў Эстоніі. Паводле яго, рашэньне аб раскрыцьці сваёй асобы ён прыняў таму, што яго імя ўжо вядома расейскім праваахоўным органам. Таксама ён заявіў, што зьбіраецца прасіць ва ўладаў Эстоніі палітычнага прытулку.

Група «Шалтай-Болтай» атрымала вядомасьць пасьля публікацый, як сьцьвярджалася, перапіскі высокапастаўленых чыноўнікаў, у тым ліку прэмʼер-міністра Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева.

У студзені 2017 году стала вядома аб тым, што меркаваны заснавальнік групы Ўладзімір Анікееў быў арыштаваны. Паводле «Фонтанкі», ягоны арышт быў зьвязаны з крадзяжом і публікацыяй дакумэнтаў Міністэрства абароны Расеі. Таксама ў студзені стала вядома пра арышт афіцэраў ФСБ Сяргея Міхайлава і Дзьмітрыя Дакучаева, і супрацоўніка «Лябараторыі Касьперскага» Руслана Стаянава — іх абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе.

Паводле тэлеканалу «Дождь», Глазасьцікаў распавёў, што хакеры «Шалтай-Болтай» заключылі ўгоду з супрацоўнікамі ФСБ пасьля таго, як спэцслужбы ўстанавіла іх асобы. Паводле ягоных словаў, хакеры папярэджвалі спэцслужбу пра плянаваныя «зьлівы».

Глазасьцікаў паведаміў, што ФСБ абяцала не арыштоўваць хакераў у абмен на інфармацыю. «Шалтай-Болтай» павінен быў да публікацыі высылаць супрацоўнікам спэцслужбы інфармацыю, якая рыхтавалася да публікацыі. «Яны сказалі, што, магчыма, ім калі-небудзь нештаь спатрэбіцца — якая-небудзь заказная публікацыя, але тады яны пра гэта скажуць», — цытуе «Дождь» Глазасьцікава.