Гэты дакумэнт, які называюць «Закон аб пераглядзе санкцый у дачыненьні да Расеі», падтрымалі як дэмакраты, гэтак і рэспубліканцы. Ён быў распрацаваны праз занепакоенасьць магчымай палітыкай адміністрацыі Трампа ў дачыненьні да Расеі.
Дакумэнт прадугледжвае строгі нагляд з боку Кангрэсу і права вэта, калі адміністрацыя прэзыдэнта ЗША вырашыць адмяніць санкцыі супраць Расеі.
Сярод ініцыятараў законапраекту сэнатар-дэмакрат ад штату Мэрылэнда Бэн Кардзін і сэнатар-рэспубліканец ад Паўднёвай Караліны Ліндсі Грэм.
Кардзін выказаў спадзяваньне, што дакумэнт атрымае шырокую двухбаковую падтрымку ў Кангрэсе і што ён можа быць ухвалены дастатковай колькасьцю галасоў для таго, каб прэзыдэнт Трамп ня мог скарыстацца сваім правам вэта ў адносінах да законапраекту.
Сэнатар-рэспубліканец Джон Маккейн, які таксама падтрымлівае законапраект, раней заяўляў, што трэба гарантаваць захаваньне санкцый супраць Расеі ў выпадку, калі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп вырашыць адмяніць іх.
ЗША, Эўразьвяз і іншыя краіны Захаду ўвялі санкцыі супраць Расеі з-за анэксію ўкраінскага Крыму і падтрымкі сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Крэмль адмаўляе датычнасьць да паставак зброі і вайскоўцаў, прызнаючы наяўнасьць у зоне баявых дзеянняў расійскіх «добраахвотнікаў».
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі неаднаразова выказваўся на карысьць супрацоўніцтва з Расіяй і казаў, што захапляецца лідэрскімі якасьцямі расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.