Выступаючы пасьля перамоваў з намесьнікам генэральнага сакратара НАТО Роўз Готэрмюлер, Дадон сказаў, што такі кантактны офіс ня будзе мець ніякай карысьці для большасьці грамадзян яго краіны і НАТО не варта «сьпяшацца», каб адкрыць яго.
«Як па мне, адкрыцьцё такога офіса... — гэта правакацыя, створаная папярэднім урадам», — сказаў Дадон журналістам у штаб-кватэры НАТО падчас свайго першага візыту ў Брусэль.
Готэрмюлер назвала свае перамовы з Дадонам «інтэнсыўнымі станоўчымі дыскусіямі», але настойвала, што НАТО і далей плянуе адкрыць сваё прадстаўніцтва ў Кішынёве ў канцы 2017 года.
Пасада прэзыдэнта ў Малдове прадугледжвае пераважна выкананьне прадстаўнічых функцый. Урад Кішынёва застаецца пад кантролем кааліцыі партый, якія выступаюць за працяг збліжэньня з Эўразьвязам і НАТО.
Абраны ў сьнежні Дадон неаднаразова заяўляў, што хоча аднавіць палітычныя і эканамічныя адносіны з Расеяй. Яго першая замежная прэзыдэнцкая паездка была ў Маскву.