Раніцай 8 лютага ў выніку тэракту ў так званай «ДНР» загінуў камандзір батальёну сэпаратыстаў «Самалі» Міхаіл Талстых, вядомы пад мянушкай Гіві.
Пра гэта паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС. Пра сьмерць Міхаіла Талстых стала вядома ад апэратыўнага камандаваньня самаабвешчанай «ДНР»; вядома, што Гіві загінуў падчас выбуху ў сваім кабінэце ў Данецку.
Гіві ўзначальваў батальён «Самалі», які стаў вядомы падчас баёў у Данецкім аэрапорце. Адзначыўся жорсткім абыходжаньнем з палоннымі ўкраінскімі вайскоўцамі: ён ставіў іх на калені і прымушаў зьесьці сарваныя шаўроны.
17 кастрычніка мінулага году падчас выбуху ў ліфце свайго дома ў Данецку загінуў яшчэ адзін сэпаратысцкі камандзер, Арсэн Паўлаў («Матарола»).