«Гавары праўду» прапануе бамбардаваць прэзыдэнта зваротамі аб адмене «дармаедзкага» дэкрэту

Грамадзкія слуханьні кампаніі «Гавары праўду». Фотарэпартаж

Грамадзкія слуханьні кампаніі «Гавары праўду». Фотарэпартаж

«Гавары праўду» распачала кампанію пэрсанальных зваротаў да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем адмяніць дэкрэт № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Таксама актывісты зьвярнуліся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў з просьбай накіраваць у Канстытуцыйны суд запыт аб праверцы дэкрэту № 3 на прадмет яго адпаведнасьці Канстытуцыі.

7 лютага кампанія «Гавары праўду» правяла грамадзкія слуханьні «Дэкрэт № 3 павінен быць адменены», на якія сабралася каля 50 чалавек з розных рэгіёнаў краіны — Віцебску, Воршы, Берасьця, Ляхавічаў, Жабінкі, Магілёва ды іншых.

Лідэр кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў узгадаў кнігу, якую выдала «Гавары праўду» 6 гадоў таму — «100 твараў беспрацоўя»:

«Прайшло 6 гадоў, а такіх гісторый ужо ня сотня — іх тысячы. Многія на гэтыя слуханьні не маглі прыехаць — у людзей проста няма грошай, каб даехаць да Менску. А тут яшчэ зь беспрацоўных вымагаюць 360 рублёў на несправядлівы падатак. Мы павінны абʼяднацца, калі адчуваем несправядлівасьць. І сёньня ўсе нашы дзеяньні можна падзяліць на 2 часткі: накіроўваць асабістыя заявы на адрас кіраўніка дзяржавы — і рыхтаваць калектыўныя, грамадзкія звароты за адмену гэтага дэкрэту».

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў

Юрыст, праваабаронца Гары Паганяйла сказаў, што яшчэ ў красавіку Беларускі Хэльсынскі камітэт падрыхтаваў і перадаў дэпутатам абгрунтаваныя тэзы, што дэкрэт недасканалы, супярэчыць нормам заканадаўства. Таксама БХК спрабаваў падаць звароты ў Канстытуцыйны суд і Савет міністраў, але атрымаў адпіскі.

Юрыст патлумачыў, у чым канкрэтна дэкрэт супярэчыць заканадаўству. Ён параіў людзям не сьпяшацца сплаціць падатак, а пазмагацца за адмену дэкрэту: зьвяртацца да дэпутатаў, да прэзыдэнта, у мясцовыя органы ўлады.

Гары Паганяйла ўзгадаў і канкрэтныя прыклады, калі дэкрэты, што супярэчаць заканадаўству, адмяняліся. Адменены сумнавядомы дэкрэт № 40 «Аб дадатковых захадах па рэгуляваньні эканамічных адносін», які дазваляў дасудовую кампэнсацыю стратаў і фактычна перакрываў інвэстыцыі ў краіну. Адменены і дэкрэт № 12 ад 2012 году «Аб дадатковых захадах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці», які забараняў людзям звальняцца з працы.

Тацяна Караткевіч кажа, што ў Беларусі досыць складана адстаяць свае правы:

«Улада прывучыла нас да таго, што наш голас нічога не вырашае. Прэзыдэнт параіў пачакаць 2–3 гады. Але ў нас няма часу чакаць, трэба змагацца, каб дэкрэт № 3 быў адменены. Кожны, хто ня згодны з гэтым дэкрэтам, павінен падаць свой голас. Трэба ўступіць у перапіску з усімі структурамі, бамбардаваць зваротамі, лістамі міністэрствы, ведамствы, прэзыдэнта, бо гэты дэкрэт несправядлівы».

Людзі, што прыехалі з рэгіёнаў, падзяліліся сваімі гісторыямі. Алена Багінская 10 гадоў пражыла ў Швайцарыі. Вярнулася на радзіму, думала, што тут шмат зьмянілася. Але, на яе думку, цяпер людзі жывуць горш, чым тады, калі яна зьяжджала:

«У Швайцарыі дапамога па беспрацоўі першы год — 1700 даляраў. Калі б там быў прыняты такі дэкрэт, уся краіна выйшла б на вуліцы. А тут беспрацоўныя ў маленькім райцэнтры Жабінцы баяцца паставіць подпіс за адмену дэкрэту. А тыя, хто працуе, не задумваюцца, што яны таксама могуць страціць працу. Людзі абыякавыя. Як іх разварушыць?» — кажа Алена.

Хтосьці з залі пажартаваў: «Вывезіце іх на 5 гадоў у Швайцарыю».

Сяргей Ігаравіч, перакладчык зь Берасьця, кажа, што гэты дэкрэт бʼе ня толькі па людзях. Ён бʼе па іміджы ўсёй краіны:

«Па-ангельску беспрацоўны — unemployed. Я ніяк не магу патлумачыць замежнікам, чаму наша краіна лічыцца краінай дармаедаў. Я ня мог нават узгадаць слова „дармаед“ па-ангельску. Аказваецца, — гэта parasite. Крыўдна за краіну».

У звароце, які людзі масава накіроўваюць Аляксандру Лукашэнку, прыводзіцца лічба, што ў Беларусі залішняя працоўная сіла складае прыкладна 700 тысяч чалавек:

«І вам як кіраўніку дзяржавы трэба было б радавацца, што гэтыя грамадзяне не бяруць штурмам урад з патрабаваньнем даць ім альбо працу, альбо дапамогу па беспрацоўі, павялічаную хаця б да 300 рублёў. Вам бы радавацца, што яны абыходзяцца без падачак ад дзяржавы, а зарабляюць, хто ў Польшчы, хто ў Расеі ці яшчэ дзе, а Вы злуяцеся на іх і падпісваеце дэкрэт № 3 „Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства“. Адмяніце дэкрэт № 3, спадар прэзыдэнт! Не праз год-два, а цяпер. Прызнайце яго страціўшым сілу. Зь меркаваньняў грамадзянскай згоды і прадухіленьня сацыяльнага напружаньня», — гаворыцца ў звароце да Аляксандра Лукашэнкі.

Удзельнікі грамадзкіх слуханьняў прынялі зварот да Палаты прадстаўнікоў, у якім просяць дэпутатаў накіраваць у Канстытуцыйны суд запыт аб праверцы дэкрэту № 3 на прадмет яго адпаведнасьці Канстытуцыі.

Таксама «Гавары праўду» зьвяртаецца да прадстаўнікоў грамадзкіх абʼяднаньняў і палітычных партыяў у рэгіёнах, каб тыя арганізавалі масавую кампанію індывідуальных і калектыўных зваротаў у мясцовыя органы выканаўчай улады з патрабаваньнямі адмены дэкрэту № 3.

«Толькі сумеснымі намаганьнямі — актыўнымі і масавымі — мы зможам аднавіць справядлівасьць і спыніць пакараньне дзяржавай тых людзей, якія па віне дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі засталіся сёньня бяз працы і годнага заробку», — гаворыцца ў звароце.