Здымаць санкцыі з Расеі пакуль рана, бо сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны застаецца нездавальняючай, а ўмовы менскіх пагадненьняў не выконваюцца.
Пра гэта заявіла падчас візыту ў Варшаву канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель. Прэмʼер-міністр Польшчы Бэата Шыдла падтрымала гэтую пазыцыю Бэрліна.
Мэркель паведаміла таксама, што перад сустрэчай з польскім кіраўніцтвам правяла тэлефонныя перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным і абмеркавала канфлікт у Данбасе. Мэркель заклікала Пуціна паўплываць на сэпаратыстаў.
У Бэрліне і Маскве таксама пагадзіліся, што неабходна прыкласьці новыя намаганьні для захаваньня перамірʼя. У рамках гэтых дамоўленасьцяў Мэркель і Пуцін даручылі міністрам замежных спраў сваіх краін і зьнешнепалітычным дарадцам шчыльна кантактаваць на гэты конт.