РС: Спадар Сяргей, раней вы згадвалі, што хочаце напісаць п’есу пра Ўладзімера Жылку. А цяпер вы ў Празе, горадзе, у якім Жылка правёў тры гады. Скажыце некалькі словаў пра вашу творчую задуму.
Сяргей Кавалёў: Яшчэ са студэнцкіх гадоў мне падабалася паэзія Жылкі. Мне таксама спадабалася кніга Ўладзімера Калесьніка пра Жылку, «Ветразі Адысэя». У часы «Тутэйшых», калі я яшчэ пісаў вершы, у мяне была нізка вершаў «Праскія ўяўленьні», у якіх былі і Влтава, і Жылка са сваімі студэнцкімі гадамі, хаця на той час у самой Празе я ніколі ня быў. Але юнацкае захапленьне засталося. Потым я даведаўся пра некаторыя цікавыя факты з жыцьця Жылкі пасьля таго, як ён пераехаў у Беларусь, пра апошнія гады ягонага жыцьця. І ў мяне ёсьць такая задума — напісаць пра Ўладзімера Жылку. Гэта не біяграфічная драма — я яшчэ ня ведаю, ці Жылка будзе выступаць у п’есе пад сваім сапраўдным прозьвішчам. Гэта будзе нешта падобнае на тое, як я напісаў пра Максіма Багдановіча — п’есу «Інтымны дзёньнік», якая была пастаўленая Віталем Баркоўскім у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Гэта такі фрагмэнт жыцьця Максіма Багдановіча ў Старым Крыме і ягонае каханьне з Кацяй Салтыковай. Вось штосьці такое я хачу напісаць і пра Ўладзімера Жылку. У яго шмат эратычных вершаў; я лічу, што ён напісаў адзін з найлепшых вершаў у сусьветнай літаратуры пра прастытутку...
Беларускія студэнты ў свой час падраблялі тым, што капалі на прадмесьцях Прагі бульбу.
Ну і сама біяграфія паэта, у якой эстэцкая, філязофская душа сутыкаецца з жорсткай рэчаіснасьцю — вельмі цікавая. Таксама цікавы побыт нашых студэнтаў, якія вучыліся тут у Празе ў 1920-я гады. У прадмове Міхася Скоблы да кнігі Ўладзімера Жылкі я калісьці адкрыў для сябе, што беларускія студэнты ў свой час падраблялі тым, што капалі на прадмесьцях Прагі бульбу. Відаць, яны вельмі прафэсійна ўмелі гэта рабіць і выкарыстоўвалі свой талент тут, калі вучыліся на філязофскім факультэце Праскага ўнівэрсытэту.
РС: Вы першы раз у Празе? Якія ў вас уражаньні ад гэтага гораду?
Сяргей Кавалёў: Я ў Празе першы раз. Першае ўражаньне было вельмі добрае, таму што цяпер холадна, не сэзон, і няма таго, чым мяне палохалі — натоўпам турыстаў, празь які не прайсьці. Учора мы хадзілі на Карлаў мост, і ён быў амаль пусты... Спакваля, так сказаць, віртуальны вобраз Прагі, які я насіў у сабе, напаўняецца нечым рэальным...
РС: Я, відаць, не павінен пытацца пра гэта ў славіста, але ўсё ж запытаюся: а як вам чэская мова на слых — чужая, свая?
Сяргей Кавалёў: Калі я вучыўся ва ўнівэрсытэце ў Менску і калі ў нас можна было выбраць дадатковую мову, якую сабе хочаш, я ня ведаю чаму выбраў чэскую. Усе хацелі вучыць польскую, і потым я сам вучыў яе таксама, ужо самастойна, каб займацца польскай літаратурай, але тады я чамусьці выбраў чэскую. Так што я з задавальненьнем чую чэскую мову тут на вуліцах, толькі чую яе вельмі мала, таму што паўсюль гучыць руская або польская, або яшчэ якая-небудзь іншая... Але па-чэску з намі гаворыць ліфт у гатэлі, і гэта вельмі прыемна.
РС: Давайце цяпер пра вашу прыгоду з польскай мовай. Як даўно вы ў Польшчы, і чым вы там займаецеся?
У асноўным гэтая паэзія была прысьвечаная Інфлянцкай вайне з Маскоўскай дзяржавай. Да другой паловы 1970-х гадоў у нас пра гэта фактычна не гаварылася.
Сяргей Кавалёў: Я ў Польшчы з 1993 году, але прыгода з польскай мовай пачалася раней, у 1986 годзе. Калі я скончыў філфак БДУ і паступаў у асьпірантуру, мой навуковы кіраўнік, прафэсар Алег Лойка, нечакана прапанаваў мне заняцца не сучаснай літаратурай, якой я займаўся ўжо ў часы студэнцтва, а літаратурай ХVI стагодзьдзя... І мы выбралі такую тэму: эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца ХVI стагодзьдзя. У асноўным гэтая паэзія была прысьвечаная Інфлянцкай вайне з Маскоўскай дзяржавай. Да другой паловы 1970-х гадоў у нас пра гэта фактычна не гаварылася, бо панавала зусім іншая канцэпцыя. І тады я гэтым заняўся — там былі і польскамоўныя тэксты, і лацінамоўныя... Сваю «дарослую дысэртацыю» — габілітацыю — я рабіў па польскамоўнай паэзіі, і фактычна тады я пачаў чытаць усе тыя тэксты ХVI стагодзьдзя.
Я вельмі ўдзячны свайму прафэсару, таму што я пабачыў многія цікавыя гарады і многія цікавыя бібліятэкі. Тады была іншая навуковая праца, чым цяпер, калі ўсё што хочаш можаш знайсьці ў электронным выглядзе. На той час паэма Цыпрыяна Базыліка знаходзілася ва Ўроцлаве, а паэма Яна Пратасовіча — у Курніку; каб пачытаць паэму Гальяша Пельгрымоўскага, трэба было ехаць у Львоў. Некаторыя рэчы былі ў Вільні, іншыя ў Санкт-Пецярбургу. І мае аднакурсьнікі вельмі мне зайздросьцілі... А потым, у 1993 годзе, мяне нечакана запрасілі ў Люблін чытаць лекцыі ва Ўнівэрсытэце імя Марыі Складоўскай-Кюры. Я думаў, што ўсяго на год, але потым там адкрылі беларусістыку, і мая прыгода зь Люблінам доўжыцца ўжо амаль 25 гадоў. Фактычна я стала жыву ў Любліне ўжо амаль 15 гадоў. Я там выкладаю беларускую літаратуру, у нас ёсьць катэдра беларусістыкі, якой хутка будзе 25 гадоў. У нас былі студэнты-беларусісты, потым студэнты-славісты, цяпер ёсьць спэцыялізаваная беларуская група на рускай філялёгіі. Мы выдаем навуковы часопіс, «Studia Białorutenistyczne», рэдактарам якога зьяўляецца прафэсар Міхал Саевіч, загадчык нашай катэдры, мой калега і сябар. Нас там працуе пяць чалавек, і ў Любліне ёсьць такі невялікі беларускі асяродак...
РС: Паколькі я гавару са спэцыялістам па ХVI стагодзьдзі, я не магу не паставіць вам пытаньня, якое вярэдзіць мяне ўжо колькі дзесяцігодзьдзяў. Чаму мова, якую мы называем старабеларускай, насамрэч не праявіла сваіх магчымасьцяў у мастацкай літаратуры ХVI стагодзьдзя? Мы ведаем, што там былі пераклады або пераказы чужых літаратурных сюжэтаў, быў Статут ВКЛ, але вось чагосьці такога, як старабеларускага адпаведніка «Трэнаў» Яна Каханоўскага або старабеларускіх адпаведнікаў п’есаў Крыстафэра Марла або Ўільяма Шэксьпіра — не было. Як вы, як спэцыяліст, адкажаце на гэтае пытаньне? Чаму старабеларуская мова зьвяла, фактычна не ўзышоўшы ў прыгожым пісьменстве?
Працэс культурнай палянізацыі пачаўся не ў ХVII стагодзьдзі, а ўжо ў XVI.
Сяргей Кавалёў: У асноўным гэта зьвязана з палітычнымі прычынамі і са спэцыфікай культурнага і літаратурнага жыцьця ў Вялікім Княстве Літоўскім. Таму што ад самага пачатку, з другой паловы ХІІІ стагодзьдзя і пазьней, пісьменства ВКЛ было шматмоўным. Гэта была такая зададзенасьць. Мы часам спрошчана гаворым пра ХVI стагодзьдзе як пра «залатое стагодзьдзе» старабеларускай мовы, маўляў, там і Скарына, і Статут ВКЛ, а палянізацыя пачалася пазьней. Але насамрэч гэта ня так. Насамрэч у зрэзе любога стагодзьдзя, якое будзем разглядаць, напрыклад, у ХV стагодзьдзі, мы ўбачым, што частка тэкстаў пісалася на царкоўнаславянскай мове, а частка на старабеларускай. У XVI стагодзьдзі мы маем цэлае моўнае суквецьце — і лацінская мова, і польская, і хтосьці на грэцкай мове пісаў, а побач былі і кітабы яшчэ... Фактычна беларуская мова была толькі адной з плыняў, адной зь літаратурных моваў, і яна мела сваю спэцыфіку. Па-беларуску пісаліся летапісы, па-беларуску выдаваліся юрыдычныя помнікі, узьнікла некалькі мэмуарных твораў, але асноўная маса паэзіі і вялікія эпічныя жанры пісаліся па-лацінску. Сатырычная паэзія, палітычная паэзія — пісалася па-польску. Большасьць «прынагодных» твораў — на нейчы шлюб або нараджэньне — пісалася па-польску. Працэс культурнай палянізацыі пачаўся не ў ХVII стагодзьдзі, а ўжо ў XVI. Гэта бачна на прыкладзе Радзівілаў. Калі маці Барбары Радзівіл пісала лісты яшчэ па-беларуску, то сама Барбара — ужо па-польску. Падчас беларускай Рэфармацыі, акрамя спробаў Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага выдаць некалькі кніг па-беларуску, пераважная большасьць літаратуры выдавалася па-польску. Польскай мовай карысталіся і арыяне, і кальвіністы... Чаму не зьявіўся такі арыгінальны празаічны твор, як рыцарскія раманы пра Трыстана або пра Баву? Гэта загадка. Фабулярных твораў па-беларуску з таго пэрыяду мы ня маем.