«Гэта быў выпадковы канфлікт», — фанаты «Партызана» ў судзе пра бойку з заўзятарамі «Тарпэда»

У судовай залі

У судзе Першамайскага раёну Менску 6 лютага працягваўся працэс па справе «антыфашыстаў» — 6 фанатаў футбольнага клюбу «Партызан», якіх абвінавачваюць у асабліва злосным хуліганстве, учыненым амаль 3 гады таму. Ім пагражае ад 3 да 13 гадоў зьняволеньня.

Падсудныя Ільля Валавік, Вадзім Бойка, Арцём Краўчанка і Андрэй Чартовіч пад вартай амаль год — зь вясны. Але сёньня суд пачаў дапытваць Дзьмітрыя Цехановіча і Філіпа Іванова, якія цяпер на волі.

Падсудны Дзьмітры Цехановіч сказаў, што быў заўзятарам клюбу «Партызан» (раней «МТЗ-РІПО»). Пра групоўку «Першакроў», якая таксама аб’ядноўвала прыхільнікаў гэтага клюбу, ведаў з інтэрнэту, у яе склад не ўваходзіў. (Гэтая групоўка фігуруе ў абвінавачаньні як адна з тых, што ўдзельнічалі ў бойцы фанатаў). Адносна свайго сяброўства ў гэтай групоўцы Дзьмітры сказаў, што «заяву не пісаў». Ведае таксама пра групоўкі фанатаў «Нью скул бэнд», «Хеўра», «Хард блоў», «Рэд бай хантэрс», «МРПЦ», але як яны ўзьніклі, ня ведае. Раней за 29 чэрвеня 2014 году, паводле падсуднага, ён ня браў удзелу ў фанацкіх бойках. А як далучыўся да фанатаў у той дзень?

«Даведаўся з інтэрнэту пра збор на Парку Чалюскінцаў. Навошта? Каб знайсьці фанатаў „Тарпэда“ і пабіць. Усе фанаты б’юцца, гэта нармальна», — сказаў Дзьмітры Цехановіч. Ён адзначыў, што прыйшоў па сваім жаданьні і нікому не падпарадкоўваўся. Зь іншых абвінавачаных ведаў толькі Ільлю Валавіка, зь якім «кантактавалі ня часта».

Паводле падсуднага, на 5 аўтамабілях яны даехалі да прыпынку «Несьцерава» і там убачылі фанатаў «Тарпэда». Пабеглі ў іх бок, але — «тыя ўцяклі». Бойкі не адбылося. Тады падсудны і іншыя заўзятары «Партызана» вярнуліся да свайго аўто і паехалі па раёне шукаць уцекачоў — фанатаў «Тарпэда».

«Валавіку пазванілі і сказалі, што ўбачылі фанатаў „Тарпэда“ ў тралейбусе № 3»,— сказаў Цехановіч.

Паводле падсуднага, яны апярэдзілі тралейбус, спыніліся на прыпынку, дачакаліся тралейбуса з фанатамі «Тарпэда». Дзьмітры кажа, што ехаў у цэнтры фанацкай калёны і ня ведае, хто аддаваў загад рушыць за гэтым тралейбусам. Пра тое, што адбылося на прыпынку «Зімовая», Цехановіч распавёў:

Бойка разьбіў шкло ў тралейбусе, дзьверы адчыніліся, і я распыліў туды газ з балёнчыка

«Большасьць з нас выйшлі з аўто. Бачыў, як Краўчанка адчапіў ад правадоў штангі тралейбуса. Бойка разьбіў шкло ў тралейбусе, дзьверы адчыніліся, і я распыліў туды газ з балёнчыка. Пасьля гэтага мы ўсе адбеглі ад тралейбуса, селі ў аўто і зьехалі», — сказаў суду Цехановіч.

Ён сказаў, што яшчэ па дарозе дадому выказаў сябрам жаль, што распыліў газ у тралейбусе. Сябры таксама адазваліся пра ягоны ўчынак нэгатыўна. Балёнчык з-пад газу падсудны Цехановіч выкінуў недзе празь месяц.

Дзьмітры Цехановіч патлумачыў матывы свайго ўдзелу ў інцыдэнце так:

«Не асэнсоўваў рызыкі сваіх дзеяньняў, ня думаў, што гэта можа прывесьці да грамадзка-небясьпечных дзеяньняў».

Цехановіч ня змог згадаць у судзе, дзе ён набыў газ, які распыляў у тралейбусе, і якая назва гэтага газу. З атрыбутыкі групоўкі «Першакроў» у яго дома былі толькі 20 налепак, якія «раней раздавалі ўсім спрэс». Дзьмітры абверг зьвесткі з абвінавачаньня, што ён нібыта пагражаў пасажырам тралейбуса — фанатам «Тарпэда».

«У іх фашыстоўскія майкі і нецэнзурныя крычалкі»

Дзьмітрый Цехановіч не пацьвердзіў, што ў падсудных было нейкае асаблівае стаўленьне да фанатаў «Тарпэда». Але зазначыў, што фанаты «Тарпэда» часта выкрыквалі зьняважлівыя крычалкі, у тым ліку нецэнзурныя. Яшчэ Дзьмітры сказаў, што некаторыя фанаты «Тарпэда» насілі майкі з фашыстоўскімі знакамі, але не ўдакладніў, зь якімі.

Грошы, якія часам зьбіралі на стадыёне, прызначаліся не фанацкай групоўцы, а футбольнаму клюбу — «каб мог аплочваць поле для гульні», сказаў падсудны.

Пра тое, што фанаты клюбу «Партызан» падзяляюць антыфашысцкія погляды, падсудны Філіп Іваноў сказаў, што ведае з чутак. Але ў чым гэта выяўлялася, ён ня змог патлумачыць. А пра сябе дадаў, што «асабіста ён не антыфашыст, такіх поглядаў не прытрымліваецца».

Роля Ільлі Валавіка — паводле іншых падсудных

Хто быў арганізатарам фанацкіх акцыяў заўзятараў «Партызана»?

Падсуднаму Дзьмітрыю Цехановічу, паводле ягоных слоў, не было вядома пра Ільлю Валавіка, што той нібыта ўзначальваў фанацкія групоўкі «Нью скул бэнд», «Хеўра», «Хард блоў», «Рэд байк хантэрс», «МРПЦ», як мяркуе абвінавачаньне.

У судзе Цехановіч сказаў, што ня бачыў, каб 29 чэрвеня 2014 году нехта на прыпынку «Ўнівэрсам» зьбіваў фанатаў клюбу «Тарпэда». Між тым у паказаньнях на сьледзтве Цехановіч сьцьвярджаў, што гэта Вадзім Бойка зьбіваў аднаго з фанатаў «Тарпэда». Таксама на сьледзтве Дзьмітры казаў, што гэта Ільля Валавік звычайна арганізоўваў акцыі фанатаў «Партызана». Але ў судзе Цехановіч гэтага не пацьвердзіў.

«Ён быў трэнэрам тайскага боксу, я гэтак яго ўспрымаў, таму думаў, што ён усё арганізоўваў. Але я ня меў на ўвазе, што ён арганізоўваў фанацкія групы».

Адносна іншых разыходжаньняў у паказаньнях Цехановіч папрасіў суд лічыць дакладнымі сёньняшнія паказаньні ў судзе, «бо раней ён яшчэ ня быў гатовы да раскаяньня».

Яшчэ пра Ільлю Валавіка падсудны Дзьмітры паведаміў суду, што на допытах ва ўправе міліцыі па арганізаванай злачыннасьці і ў Сьледчым камітэце часьцей за ўсё чуў прозьвішча менавіта Валавіка — «пра яго распытвалі больш за іншых, паказвалі раздрукоўку ягонага пашпарта».

Пра ўдзел Валавіка ў інцыдэнце Цехановіч паведаміў некаторыя дэталі. Што той не трымаў у руцэ каменя, калі біў шкло тралейбуса, і што таксама распыліў газ у тралейбусе — нібыта сам пра гэта сказаў пасьля бойкі.

«Матыву варожасьці да іншай сацыяльнай групы не было»

Філіп Іваноў уваходзіў у нефармальную фанацкую групу «Нью скул бэнд» з 2008 па 2010 год. Гэта была таксама група аматараў «Партызана», але зь іншых груповак заўзятараў ён больш-менш знаў толькі Валавіка і Бойку. Філіп наведваў футбольныя гульні, аднойчы ў лесе пад Сьцяпянкай быў назіральнікам за трэніровачным боем, але потым зьехаў на вучобу ў Віцебск і адышоў ад дзейнасьці групы да 2014 году.

Падсудны сказаў, што 29 чэрвеня 2014 года яму прапанавалі ўдзельнічаць у «спарынгу» (футбольнай гульні) з фанатамі «Тарпэда» — гэтак яму прадставілі будучую бойку з фанатамі «Тарпэда» — таму і пагадзіўся паехаць зь сябрамі на аўтамабілі. Паводле Іванова, на прыпынку паміж імі і фанатамі «Тарпэда» адбылася бойка, у прыватнасьці, на яго напаў невядомы хлопец і ўдарыў нагой у жывот, яны пачалі біцца. Бойку Іваноў апісаў гэтак:

«Мы былі ў меншасьці, а іх было чалавек 20. Але тут пад’ехала машына з нашымі заўзятарамі, з „Партызана“, і фанаты „Тарпэда“ пачалі ўцякаць», — казаў Філіп Іваноў.

Потым, паводле Філіпа, яны паехалі ў аўтамабілі, а нейкі «Ільля званіў і паведамляў, што фанаты „Тарпэда“ едуць у тралейбусе».

Філіп Іваноў назіраў, як ягоныя сябры акружылі тралейбус, чуў, як было разьбіта шкло, і бачыў, як фанаты «Тарпэда» разьбягаліся ад тралейбуса. Пасьля гэтага Філіп Іваноў таксама сышоў зь месца інцыдэнту і да дому дабраўся на грамадзкім транспарце.

Філіп сказаў суду, што большасьць фанатаў «Партызана» падчас нападу на фанатаў «Тарпэда» былі ў масках, а ў яго самога на галаве быў капюшон.

Падсудны Філіп Іваноў прызнаў, што ўчыняў хуліганства, калі біўся з фанатам «Тарпэда» на вуліцы, але не пагадзіўся, што гэта рабілася дзеля «матыву варожасьці да іншай сацыяльнай групы», як мяркуе сьледзтва.

«Гэты быў выпадковы канфлікт», — сказаў Філіп.

Працэс працягнецца 7 лютага ў 10:30.