Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая атрымала адказ ад намесьніка старшыні Адміністрацыі прэзыдэнта Валерыя Міцкевіча пра мэтазгоднасьць «падатку на дармаедаў». Фота пісьмовага адказу дэпутатка прыводзіць на Facebook.
У ім гаворыцца, што адной з мэтаў дэкрэту Лукашэнкі № 3, які ўвёў «падатак на дармаедаў», было стымуляваць грамадзян да легальнай працоўнай дзейнасьці і забясьпечыць іх канстытуцыйны абавязак удзельнічаць у фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, таму ўказ разьлічаны ня столькі на папаўненьне бюджэту, колькі на «скарачэньне ценявой эканомікі», «уцягненьне насельніцтва ў дазволеныя заканадаўствам віды дзейнасьці» і «вяртаньне да стваральнага жыцьця асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця». Падстаў да ўнясеньня прапаноў скасаваць дэкрэт, як піша Міцкевіч, ня бачыцца.
Канапацкая ж лічыць, што на практыцы пад «падатак на дармаедаў» падпалі пераважна неабароненыя пласты насельніцтва; падатак не змагаецца зь ценявой эканомікай, а дае магчымасьць адкупіцца за ўдзел у ёй. Памер падатку нязначны для шэрага бізнэсу — менш за 12 месячных праязных на 4 віды транспарту ў Менску.
«Гэткі хабар дзяржаве, ня болей», — робіць выснову яна.
Дэпутатка прыводзіць свае падлікі: рассылка 440 тысяч лістоў «дармаедам» каштуе каля 660 тысяч даляраў ЗША, а іміджавыя страты для краіны несупастаўныя зь нязначнымі паступленьнямі ў бюджэт («падатак на дармаедаў» пакуль сплацілі толькі 34 тысячы чалавек — у 13 разоў меней, чым было накіравана «лістоў шчасьця»).
Маніторынг практыкі ўкараненьня дэкрэту, што праводзіць Адміністрацыя прэзыдэнта, як сьцьвярджае Міцкевіч, «дэманструе падтрымку гэтага дакумэнту пераважнай большасьцю грамадзян, занятых у рэальным сэктары эканомікі».
У час «Вялікай размовы з прэзыдэнтам» 3 лютага Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дэкрэтам пра «дармаедаў» абурылася невялікая частка беларусаў: «літаральна некалькі тысяч, але вельмі актыўных». Але пад пастом у сацсетцы «Одноклассники», дзе прапаноўвалася «ставіць кляс, калі абураны дэкрэтам пра дармаедаў», ужо больш за 100 тысяч «лайкаў».