Калі адносіны зайшлі ў тупік: сьцены паміж дзяржавамі ў 10 фотаздымках

Адно з галоўных перадвыбарных абяцаньняў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа — ўзьвесьці сьцяну на мяжы з Мэксікай. Празь некалькі дзён пасьля ўступленьня ў пасаду ён падпісаў указ аб будаўніцтве, якое пачнецца на працягу некалькіх месяцаў. Але мала хто ведае, што ўлады ЗША яшчэ 1993 году пабудавалі плот на мяжы з Мэксікай даўжынёй у 520 км, каб абмежаваць прыток нелегальнай іміграцыі.

На фота — знакамітая сьцяна, пабудаваная Ізраілем, каб засьцерагчы палестынскія паселішчы на Заходнім беразе ракі Ярдан. Жалезабэтонная 8-мэтровая сьцяна ў некаторых месцах абсталявана калючым дротам і датчыкамі руху.

Бэрлінская сьцяна — адно з самых вядомых падобных збудаваньняў. Агароджа даўжынёй 155 км зьявілася ў цэнтры Бэрліна ў 1961 годзе пасьля абвастрэньня адносін паміж ГДР (пад кантролем СССР) і ФРГ (пад кіраўніцтвам ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі). Нярэдка яе называлі «Ганебнай сьцяной».

Гэтай спарудай гішпанскі анкляў Мэлільля спрабуе спыніць прыток мігрантаў з Марока, якія пакідаюць радзіму ў пошуках лепшага жыцьця. Даўжыня сьцяны — 10 км, на некаторых адрэзках яна знаходзіцца пад электрычным напружаньнем.

У спробах абараніць сябе ад так званых баевікоў «Ісламскай дзяржавы» Сырыя ўзьвяла сьцяну на мяжы зь Іракам, якую патрулююць вайскоўцы. Аднак гэта — не адзінае падобнае збудаваньне на мяжы арабскай дзяржавы, у 2013 годзе зьявіўся плот і на мяжы з Емэнам.

Многія краіны змагаюцца зь беднасьцю па-рознаму. Улады ПАР, напрыклад, паставілі амаль двухмэтровы плот на мяжы з Зімбабве, дзе афіцыйны ўзровень беспрацоўя 95%. Зімбабвійцы спрабуюць нелегальна патрапіць у Паўднёвую Афрыку і Батсванэ, якая ўвогуле адгарадзілася электрафікаваным плотам.

Яшчэ адна краіна, якая вырашыла «адгарадзіцца» ад праблемных грамадзян, Славаччына. Ва ўсходнім горадзе Астраваны знаходзіцца вялікае паселішча цыган, якое аддзялілі ад астатняга насельніцтва бэтоннай сьцяной. Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што цыганы крадуць у іх садовыя ўраджаі.

Сьцяна таксама падзяляе частку мяжы паміж Пакістанам і Афганістанам. Прэзэдэнт Пакістану ўпэўнены, што перашкода дапаможа спыніць пранікненьне ў краіну баевікоў «Талібану» і наркотыкаў.

У Пакістана таксама існуе сьцяна на мяжы зь Індыяй. Дэмаркацыйная лінія паміж краінамі праведзеная па тэрыторыі былога княства Джаму і Кашмір, на тэрыторыю якога прэтэндуюць абедзьве дзяржавы. Мяжа не прызнаная юрыдычна, але дэ-факта яна існуе.

Яшчэ адна сьцяна знаходзіцца на дэмілітарызаванай зоне паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі. Яе даўжыня — 240 км, некаторыя яе ўчасткі таксама знаходзяцца пад напругай. Плот паміж дзяржавамі зьявіўся ў 70-х мінулага стагодзьдзя, калі бакі не змаглі дамовіцца аб перамірʼі. У жніўні 2015 бакі ўпершыню за доўгі час абстралялі адзін аднаго.​