Фэдэральны судзьдзя прыпыніў дзеяньне ўказу Трампа пра забарону на ўезд у ЗША

Ілюстрацыйнае фота

У пятніцу ўвечары фэдэральны судзьдзя ў Сыэтле прыпыніў дзеяньне ўсіх палажэньняў прэзыдэнцкага ўказу Дональда Трампа, які прадугледжвае часовую забарону на ўезд у ЗША грамадзян сямі краін і бестэрміновае спыненьне допуску ў краіну сырыйскіх уцекачоў.

Завяршаючы пасяджэньне па зыску да фэдэральнага ўраду штатаў Вашынгтон і Мінэсота, які аспрэчваў канстытуцыйнасьць прэзыдэнцкага ўказу ў судзе, судзьдзя Джэймс Робарт абвясьціў, што штаты давялі шкоду, нанесеную ім у выніку ажыцьцяўленьня гэтага ўказу. Рашэньне судзьдзі ў пісьмовым выглядзе будзе апублікавана пазьней. Прадстаўнікі міністэрства юстыцыі ЗША адмовіліся камэнтаваць гэтае рашэньне, спасылаючыся на неабходнасьць яго вывучыць. Генэральны пракурор штату Вашынгтон, які выступаў у ролі пазоўніка, заявіў, што суд прыпыніў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу па ўсёй краіне, што азначае, што візы, выдадзеныя грамадзянам сямі краін, ёсьць дзейнымі.

Тыдзень таму пасьля ўступленьня ў дзеяньне прэзыдэнцкага ўказу каля двух соцень грамадзян сямі краін былі затрыманыя пры ўезьдзе ў Злучаныя Штаты. Пазьней усе яны былі дапушчаныя ў ЗША. Некалькі дзясяткаў тысяч уладальнікаў імігранцкіх і неіміграцыйных візаў, выдадзеных у гэтых краінах, атрымалі паведамленьні пра тое, што гэтыя візы несапраўдныя.

За некалькі гадзін да рашэньня судзьдзі ў Сыэтле фэдэральны судзьдзя ў Бостане вынес рашэньне пра канстытуцыйнасьць прэзыдэнцкага ўказу, адмяніўшы сваё рашэньне пра часовае прыпыненьне яго дзеяньня. Канчаткова лёс указу прэзыдэнта Трампа будзе вызначаны судамі вышэйшай інстанцыі.