Рассельгаснагляд з 6 лютага ўводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі.
Падставай для гэтага стала «наяўнасьць на тэрыторыі Менскай вобласьці Беларусі махлярскіх схем з пастаўкамі ў Расею ўкраінскай і эўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую».
Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце расейскага ведамства.
Раней Рассельгаснагляд выказаў сумнеў у тым, што прадукцыя прадпрыемства «Георгій і сыны» зь Менскай вобласьці мае беларускае паходжаньне, і прапанаваў яго наведаць. Аднак беларускі бок не дапусьціў Рассельгаснагляд на прадпрыемства.
Паводле расейскага ведамства, гэта «толькі пацьвердзіла апраўданасьць падазрэньняў Рассельгаснагляду ў махлярстве гэтага прадпрыемства пры дапамозе паставак прадукцыі ўкраінскага паходжаньня пад выглядам беларускай».
Рассельгаснагляд вінаваціць беларускі бок у прадаўжэньні «спробаў легалізацыі і наступнага ўвозу на тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі мясной сыравіны невядомага паходжаньня нядобрасумленнымі беларускімі вытворцамі».
З гэтай прычыны ўведзена абмежаваньне на ўвоз у Расею прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў — лельчыцкага «Вытворчага камбінату», «Анэксімпрад», «Георгій і сыны» і «Тэраміт».
«Пры правядзеньні вэтэрынарнага кантролю беларускай прадукцыі Рассельгаснаглядам з зайздроснай пастаяннасьцю фіксуюцца сьляды паўторнага перапакоўваньня і сьляды першаснай маркіроўкі (перамаркіроўкі тавараў), а таксама сьляды зрэзаў вэтэрынарных клеймаў», — піша Рассельгаснагляд.
На прэс-канферэнцыі 3 лютага кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прапанаваў распачаць супраць кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта крымінальную справу за перашкоды пастаўкам беларускіх харчоў.