Міністар абароны Вялікабрытаніі Майкл Фэлан абвінаваціў Расею ў «ператварэньні дэзынфармацыі ў зброю» і стварэньні «эпохі пост-праўды», выступіўшы з рэзкай перасьцярогай з нагоды выкарыстаньня сродкаў кібэрвайны і раскрытыкаваўшы пракрамлёўскія смі.
«Сёньня мы назіраем краіну, якая, ператвараючы дэзынфармацыю ў зброю, стварыла тое, што можна назваць эпохай пост-праўды», — сказаў Фэлан, выступаючы ў Сэнт-Эндрускім унівэрсытэце ў Шатляндыі.
«Расея відавочна выпрабоўвае НАТО і Захад на трываласьць. Яна хоча пашырыць сваю сфэру ўплыву, дэстабілізаваць іншыя краіны і аслабіць альянс», — дадаў ён.
Фэлан таксама перасьцярог пра пагрозу расейскага ўмяшальніцтва ў выбары ў Нямеччыне, якія пройдуць у гэтым годзе.
«НАТО павінна гэтак жа эфэктыўна абараняць сябе ў кібэрпрасторы, як і ў паветры, на сушы і на моры, — сказаў ён. — Каб праціўнікі ведалі, што за ўжываньне кібэрзброі прыйдзецца паплаціцца ».