Заснавальнік транспартнай кампаніі Uber, якая прадстаўляе паслугі таксі ў многіх краінах сьвету, Трэвіс Каланік абвясьціў аб рашэньні выйсьці з кансультатыўнай групы пры прэзыдэнце ЗША Дональдзе Трампе.
Ён прыняў гэтае рашэньне пасьля шматлікіх крытычных выказваньняў у свой адрас у сацыяльных сетках. Апанэнты Каланіка выступілі супраць яго працы ў групе кансультантаў Трампа.
Карыстальнікі сацсетак заклікалі кліентаў кампаніі Uber пераходзіць да канкурэнта ў галіне паслуг таксі — кампаніі LYFT.
У выніку хвалі крытыкі ў адрас Каланіка, Lyft упершыню апярэдзіў Uber па ліку спампоўваньняў аплікацый. Карыстальнікам, якія выдалілі рахункі, Uber даслаў ліст пра тое, што падзяляе іх незадаволенасьць указам Трампа аб забароне на ўезд грамадзянам з мусульманскіх краін і кампэнсуе страты кіроўцам, на якіх паўплывала гэтая забарона.