«Бяруць кніжкі торбамі» — як працуе «бібліёбус» на Пружаншчыне

Your browser doesn’t support HTML5

У агароды ня трэба, таму мы і чытаем. Рэпартаж з выязной бібліятэкі

У некаторыя паселішчы, дзе няма бібліятэк, кніжкі возяць «бібліёбусы». Карэспандэнты Свабоды праехалі за перасоўнай бібліятэкай у Пружанскім раёне і пераканаліся, што «духоўны пажытак» вяскоўцы набіраюць торбамі.

Марыя Заікіна шмат год працуе бібліятэкаркай у пружанскім «бібліёбусе». Яна дарабляе апошнія дні перад выхадам на пэнсію. Журналісты Свабоды сустрэлі перасоўную бібліятэку на «разьвітальным» выезьдзе Марыі Заікінай у вёсцы Куплін.

Вёска Куплін непадалёк ад Пружанаў. Тут жыве некалькі дзясяткаў чалавек. Побач з Куплінам раней была вайсковая частка. Цяпер яе расфармавалі, а землі здаюць фэрмэрскім гаспадаркам.

У вёсцы ўжо даўно няма бібліятэкі, таму сяляне зьбягаюцца да «бібліёбуса». Людзі торбамі нясуць здаваць кніжкі, якія бралі раней, і набіраюць новага чытва на пару бліжэйшых месяцаў.

Марыя Заікіна — працаўніца бібліятэкі на колах

Бібліятэкарка Марыя Заікіна ведае сваіх чытачоў, загадзя рыхтуе кнігі адпаведна густу кожнага.

«Усё, чаго душа патрабуе, запісваем ды выдаём. Кніга — гэта ж лепей, чым кампутар ці тэлевізар. Кампутар — гэта не маё. Я люблю патрымаць кнігу, пагартаць... Кніга — гэта сябар», — кажа бібліятэкарка і паказвае фармуляр адной чытачкі, якая за год прачытала больш за 100 кніжак.

«Дык гэта ж толькі тое, што запісана. Яны ж потым яшчэ між сабой мяняюцца ды чытаюць кніжкі з нашай бібліятэкі. Так што скажу вам, што чытаюць яшчэ людзі, чытаюць шмат», — кажа Заікіна.

Некаторыя сяляне чытаюць за год больш як 100 кніг

Сапраўды, назіраючы за працай перасоўнай бібліятэкі, пераконваемся, што кніжак вяскоўцы набіраюць шмат, некаторыя бяруць на ўсю сям’ю.

Апроч кніжак, бібліятэкарка дорыць сваім чытачам каляндарыкі, для дзяцей мае цукеркі. Вяскоўцы Марыю Заікіну любяць:

«Шкада, вядома, што пакідае нас, што ідзе на пэнсію. Добрая нашая бібліятэкарка, і ўжо ўсе нашы патрэбы ведае», — кажа адна чытачка.

З Купліна бібліятэка едзе ў вёску Круглае. Тут вяскоўцы таксама сыходзяцца да сіняга «бусіка». Марыя Заікіна кажа, што мае чытачоў і вельмі сталага веку. Такім людзям нясе кнігі проста ў хату.

Марыя Амельянчук

Заходзім да 79-гадовай Марыі Амельянчук. Пэнсіянэрка кажа, што ў Пружанах бывае толькі ў царкве, куды езьдзіць аўтобусам. Да бібліятэкі ж ёй дайсьці складана — баляць ногі:

«Чытаю ў акулярах. Чытаю, пакуль магу. Больш духоўную літаратуру бяру. Вельмі добра, што бібліятэка прыяжджае, бо ў Пружанах мне не дайсьці. Я тут лішні раз цяпер і да крамы не хаджу. Гаспадаркі ўжо не трымаю, во толькі коцік, таму чытаю», — кажа Марыя Амельянчук.

Са сваімі чытачамі Марыя Заікіна гаворыць на сакавітай беларускай мове.

«А мы ж беларусы, хаця і блытаемся крышачку», — кажа яна.

Шмат у якіх вёсках ёсьць чытачы, якія замаўляюць толькі літаратуру па-беларуску:

«Памылкова была прывезла аднойчы Шамякіна па-руску, то потым чытачка сказала, што немагчыма чытаць беларускую літаратуру на іншай мове», — кажа Марыя Заікіна.

«Кніга — гэта сябар» — кажа Марыя Заікіна

Жанчыны больш чытаюць мастацкія кнігі, а мужчыны прыходзяць па літаратуру, карысную ў вясковай гаспадарцы

Кнігі зь «бібліёбуса» сяляне нясуць торбамі