Сэнатар-рэспубліканец ад Арызоны Джон Маккейн заклікаў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа даць Украіне баявое ўзбраеньне.
У лісьце Трампу Маккейн абвінаваціў Расею і сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Масква, у абвастрэньні канфлікту на ўсходзе Ўкраіны. Паводле палітыка, санкцыі супраць Масквы неабходна захаваць да тых часоў, пакуль анэксаваны Крым ня вернецца пад кантроль Кіева.
У Крамлі адкінулі абвінавачваньні ў датычнасьці да эскаляцыі канфлікту ў Данбасе. На сустрэчы з вугорскім прэмʼерам Віктарам Орбанам прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвінаваціў у зрыве Менскіх дамоўленасьцяў украінскія ўлады. Паводле словаў Пуціна, такім чынам украінскія ўлады спрабуюць «наладзіць адносіны» з новай адміністрацыяй прэзыдэнта ЗША.
Злучаныя Штаты пастаўляюць ва Ўкраіну ваеннае абмундзіраваньне і некаторыя віды абсталяваньня. Амэрыканскія інструктары таксама праводзяць навучаньне байцоў украінскай Нацыянальнай гвардыі. Раней за прадастаўленьне Кіеву баявога ўзбраеньня выказваўся цяперашні дзяржаўны сакратар ЗША Рэкс Тылерсан.
Сытуацыя ў Данбасе абвастрылася раніцай 29 студзеня. Сэпаратысты пачалі штурм у раёне Аўдзееўскай прамзоны. Бакі канфлікту абвінавачваюць адзін аднаго ў абстрэлах сваіх пазыцый.