Перад пасяджэньнем Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «Саюзнай дзяржавы», што плянуецца ў першай палове лютага ў Маскве, маюць правесьці перамовы Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін. Гэта пацьвердзіў расейскім «Известиям» прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў.
Пры гэтым канчатковая дата сустрэчы ня ўзгодненая: расейскі бок прапаноўваў яе правесьці 9 лютага, але Беларусь гэтую дату не пацьвердзіла.
У парадку дня сустрэчы энэргетычнае пытаньне: Беларусь і Расея дагэтуль спрачаюцца ў гэтай галіне, «нафтагазавая вайна» зацягнулася. Эканамічная спрэчка ідзе ад сярэдзіны 2016 году, калі Расея запатрабавала ад Беларусі больш як 200 млн даляраў запазычанасьці за газ (сёньня Расея заяўляе пра запазычанасьць у 550 млн), а Беларусь, не прызнаўшы запазычанасьці, вырашыла падвысіць тарыфы на транзыт расейскай нафты ў аднабаковым парадку. У выніку Расея скараціла пастаўкі нафты з 24 млн т на год да 18 млн т, зьбіраецца скарачаць яшчэ больш. Пытаньні тарыфаў і запазычанасьці на момант публікацыі ня вырашаныя, будаўніцтва «Газпром-цэнтра» на месцы зьнесенага Маскоўскага аўтавакзалу ў Менску замарожанае.
У студзені Лукашэнка даручыў віцэ-прэм’еру Сямашку кампэнсаваць расейскую нафту альтэрнатыўнай. У пачатку лютага Беларусь сабралася павялічыць здабычу нафты.
Лукашэнка і Пуцін апошні раз асабіста сустракаліся 22 лістапада 2016 году ў Маскве. Лукашэнка тады казаў Пуціну, што «ёсьць апэратыўныя пытаньні, якія мы павінны хутка вырашаць». Кіраўнікі чатырох краінаў ЭАЭС 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу падпісалі новую рэдакцыю Мытнага кодэксу, але Лукашэнка туды не паехаў, Беларусь не падпісала кодэксу.