Юркойцеў суд. «Браў грошы, каб узяць грошы»

Алесь Юркойць

Пачатак ТУТ

Віктар Федаровіч піша пра «галоўную асаблівасьць беларускай карупцыі на мытні. Даюць — бяры і не пытай за што».

Журналіст аглядае працэс у Менскім абласным судзе, там на лаве падсудных сядзяць мытныя начальнікі. Тыя, хто прызнаў віну, выглядаюць яшчэ больш неадэкватна, чым тыя шараговыя інспэктары, якія прызналіся ў нашым, Партызанскім судзе.

«Адвакат: — Ці вы мелі магчымасьць адмовіцца ад удзелу ў гэтай схеме?

Гаральскі: — Так.

Адвакат: — Чаму пагадзіліся?

Гаральскі (пасьля доўгай паўзы): — Для атрыманьня незаконнага грашовага ўзнагароджаньня.

Адвакат: — Я не зразумела ваш адказ…

Гаральскі: — Вы спыталі: чаму, я адказаў: для атрыманьня грошай».

Ёнэска з Бэкетам пляскаюць у ладкі. Не адмовіўся ад грошай для таго, каб атрымаць грошы. Браў грошы, каб узяць грошы. Ці вы што-небудзь зразумелі?

Пры ўліку, што Гаральскі — былы начальнік усёй мытні «Каменны Лог», думаю, Ёнэска мог бы назваць сваю п’есу па матывах гэтага працэсу — «Каменны лох».

А пры ўліку, што у працэсе фігуруюць канкрэтныя сумы грошай і канкрэтныя тэрміны турмы, тут мусіла б адбывацца не тэатральная пастаноўка, а нешта цалкам адваротнае і рацыянальнае. Бо разглядаецца злачынства. Якое? Вось пытаньне, зь якога і пачынаецца тэатар абсурду. Злачынства — неапазнанае.

Пра суд — справядлівы ці несправядлівы — мы звычайна думаем як пра нешта рэалістычнае, дзе аргумэнты і факты абвінавачаньня спрачаюцца з аргумэнтамі і фактамі абароны. Тут — нічога падобнага. Як вы заўважылі, нават паміж падсудным Гаральскім і адвакаткай няма паразуменьня. Тут пры ўсім жаданьні «выцягнуць» падсуднага з-за крат не атрымаецца, бо ён сам чапляецца за сваю лаву ў клетцы. Чаму?

Думаю, у высновы журналіста Федаровіча пра «асаблівасьць беларускай карупцыі» абавязкова павінен быць працяг, бо сама выснова нічога не тлумачыць. «Каменны лох» Гаральскі відавочна «ўключае дурня». Навошта?

Мне бачацца тры адказы на гэтае пытаньне.

1. Гаральскі настолькі замучаны сьледчымі (дастаткова ўспомніць заяву Алеся Юркойця пра катаваньні ў СІЗА) і настолькі перакананы ў немагчымасьці апраўдальнага прысуду, што тупа згаджаецца з абвінаваўцамі. Такая сабе беларуская асаблівасьць стакгольмскага сындрому.

2. Дапусьцім, кожны мытнік, ідучы на службу, ведае, што рана ці позна апынецца ў турме. За што — «там» прыдумаюць. Дапусьцім, такі лёс у гэтай прафэсіі. І калі ёсьць такая перадумова, значыць трэба красьці — чым больш, тым лепш.

Вядома, мытнікаў садзяць з канфіскацыяй, вядома, яны мусяць сплаціць скрадзенае. Як сказаў прэзыдэнт, у трохразовым памеры. Цяпер улічым, што начальнік, вядома ж, ня лох, а разважлівы цынік. Калі ўсё так, значыць ён мог накрасьці ў пяці або дзесяціразовым памеры, ён гатовы сплаціць усё, колькі скажуць, пяць гадоў адседзець у калёніі, але дэбэт з крэдытам усё адно выглядаюць для яго прывабна. Гаральскі прызнаўся ў атрыманьні 60 тысяч даляраў. На выгляд яму гадоў 40-45. Ён адседжвае 5-7 гадоў, выходзіць акурат за сьвяточны стол з нагоды сваіх 50-х угодкаў і калі ў заначцы ў яго тысяч сто ці болей — самы час пачынаць паўнавартаснае жыцьцё, які-небудзь бізнэс, пажадана не ў Беларусі.

Я ведаю гісторыі некалькіх беларускіх бізнэсоўцаў, якія сьведама ішлі на «пасадку» менавіта з такой матывацыяй. Чаму б і службовым асобам ня думаць такім самым чынам? Ступень рызыкі ў бізнэсе ў нас такая самая, як і на службовай пасадзе. Ня веру толькі, што ў нас цынікі — увесь народ, усе мытнікі і бізнэсоўцы. Маю шмат адваротных прыкладаў.

Але дапусьцім, што Гаральскі цынік. Тады яму абсалютна ўсё адно што гавораць у судзе пра яго і што кажа ён сам. Гэта проста адна са стадыяў мытнага лёсу, на які ён пагадзіўся ад пачатку і які пры любых раскладах будзе мець шчасьлівы канец. Тады лохам выглядае суд. А калі і суд жыве паводле такога прынцыпу — свайго прафэсійнага лёсу, тады Каменным лохам выглядае дзяржава.

Але і ў першым і ў другім выпадку гэта зусім ня тая дзяржава, у якой хочацца жыць і якой хочацца сумленна служыць. Таму…

3. … я зноў вяртаюся да вэрсіі пра тое, што працэс ашмянскіх мытнікаў — гэта толькі прыкрыцьцё зусім іншых працэсаў, якія да мытні ня маюць ніякага дачыненьня. Тады ўсё складаецца найбольш праўдападобна. І тады робіцца зразумела, чаму ў Менскім абласным судзе разыгрываецца ня суд, а п’еса абсурду, і зусім няважна, як яна называецца, «Лысая сьпявачка» ці «Ў чаканьні Гадо» ці «Каменны лох».

Працяг ТУТ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.