«Гарачая лінія» беларускай мовы адкрываецца ў Гомелі

Алеся Аўласевіч

У Гомелі гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 5 лютага адкрывае Цэнтар беларускай мовы.

«У Беларусі расьце попыт на ўсё беларускае, — кажа кіраўніца рады гарадзкой філіі ТБМ Алеся Аўласевіч. — Гомель не выключэньне. Але ў другім паводле велічыні горадзе нашай краіны няма грамадзкай пляцоўкі для камунікацыі і падтрымкі беларускамоўных. Мы вырашылі ўвасобіць нашу даўнюю мару — мець гарадзкі цэнтар разьвіцьця беларускай мовы і культуры. Маем працаваць над тым, каб цэнтар стаў месцам супольнай працы. Плянуем працягнуць камунікацыю з прадпрымальнікамі і ўстановамі Гомелю, прапанаваць ім нашу прафэсійную дапамогу дзеля пашырэньня сфэры ўжытку беларускай мовы ў паслугах, таварах, рэкляме, справаводзтве.

Пры цэнтры мае працаваць тэлефонная «гарачая лінія» ў пытаньнях абароны правоў беларускамоўных грамадзянаў.

Адкрыцьцё цэнтру на вуліцы Кірава, 3 адбудзецца апоўдні ў нядзелю, 5 лютага — акурат у гэты дзень стартуе і другі сэзон гуртка ўжытковай беларускай мовы «Лемантар».