Арганізатары «Дня Волі — 2017» адмовіліся ад мітынгу, каб ня йсьці на плошчу Бангалор

Дзень волі — 2016

Заяўку на правядзеньне 25 сакавіка акцыі з нагоды Дня Волі 6 студзеня падалі ў Менгарвыканкам прадстаўнікі чатырох структур: Аляксандар Русевіч ад руху «За свабоду», Дзяніс Садоўскі ад аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Ягор Віняцкі ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Зьміцер Касьпяровіч ад Партыі БНФ. Менгарвыканкам просяць дазволіць наступны маршрут правядзеньня акцыі: збор на пляцоўцы каля будынка Нацыянальнай акадэміі навук, шэсьце праспэктам Незалежнасьці да парку Янкі Купалы. Мітынгу не плянуецца. Час акцыі — 14.00-15.30.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч патлумачыў, што арганізатары адмовіліся ад правядзеньня мітынгу, бо «асноўная дынаміка акцыі назіраецца падчас шэсьця»:

Аляксей Янукевіч

«Галоўным чынам гэта зьвязана з нашым нежаданьнем даць падставу для ўладаў скіраваць шэсьце на плошчу Бангалор. Бо ўсе папярэднія гады такое рашэньне ўладаў абгрунтоўвалася тым, што заяўнікі просяць дазволіць мітынг, а для мітынгу, на думку ўладаў, належнай пляцоўкай ёсьць плошча Бангалор. Да таго ж звычайна менавіта дэманстрацыя зьбірае найбольшую колькасьць людзей, на сам мітынг ня так шмат людзей застаецца. Мы лічым, што самае галоўнае, каб людзі сабраліся і прайшлі з намі шэсьце».

На пасяджэньні аргкамітэту было вырашана, што лёзунгамі акцыі стануць: «Дзень Волі — 2017», «Разам — за незалежнасьць» і «Не народ для ўраду, а ўрад для народу». Паводле Аляксея Янукевіча, нягледзячы на актуальнасьць тэмы падатку на «дармаедзтва», «асноўны акцэнт акцыі будзе на абароне незалежнасьці і на неабходнасьці нацыянальнай кансалідацыі на грунце незалежнасьці і для яе абароны».

«Лёзунг „Разам — за незалежнасьць!“ будзе адным з асноўных. Але сацыяльна-эканамічная тэма таксама будзе прысутнічаць. І якраз лёзунг „Не народ для ўраду, а ўрад для народу“, які будзе прысутнічаць на транспаранце, абагульняе і падкрэсьлівае сацыяльна-эканамічныя патрабаваньні — гэта і адмена ўказу пра „дармаедзтва“, і іншыя дзеяньні ўладаў у сацыяльна-эканамічнай сфэры, якія мы лічым памылковымі. Таму тых, хто ня згодны з сацыяльна-эканамічнай палітыкай, якую праводзіць улада, мы запрашаем далучыцца да акцыі».

Дзень Волі — 2016 у Менску

Лідэр БНФ таксама адзначыў, што аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР, куды ўваходзіць творчая інтэлігенцыя, прапанаваў правесьці Дзень Волі — 2017 «як рэпэтыцыю стагодзьдзя БНР»:

«Яны прапаноўваюць, каб Дзень Волі сёлета адзначаўся як рэпэтыцыя стагодзьдзя БНР, якое будзе ў 2018 годзе. Канкрэтны плян дзеяньняў мы абмяркуем на наступным пасяджэньні».

Наступнае пасяджэньне аргкамітэту адбудзецца 7 лютага. Аляксей Янукевіч адзначыў, што на яго запрашаюць ініцыятары правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сіл, а таксама ўсе іншыя дэмакратычныя арганізацыі, каб абмеркаваць сумесны сцэнар акцыі.

У аргкамітэт «Дня Волі-2017» уваходзяць Партыя БНФ, рух «За свабоду», рух салідарнасьці «Разам», аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Аб’яднаная грамадзянская партыя, а таксама аргкамітэт сьвяткаваньня 100-годзьдзя БНР.