Віталь Сізоў распавёў карэспандэнту Свабоды пра тое, чаму мусіць падпарадкавацца загаду зьехаць і як зь ім абыходзіліся ў Цэнтральным РУУС.
«Сказалі, што я ў сьпісе неўязных у Расею, а паколькі ў вас зь імі саюзная дзяржава, таму і тут мне нельга. Цягам 24 гадзін мушу пакінуць Беларусь. Іду зараз у ваш МЗС, мне мусяць вярнуць акрэдытацыю. За дзень якраз спраўлюся і зьеду.
Што да кантактаў зь міліцыяй, дык уражаньні супярэчлівыя. Па-першае, чаму гэта ў 2 гадзіны ночы здарылася, хіба не маглі да раніцы пачакаць і тады запрасіць да сябе і паведаміць?
Па-другое, міліцыянты мне казалі, што я не затрыманы, але лічу, гэта ўсё ж было затрыманьне, а ня проста размова, бо мяне як вывелі з гатэлю, дык пасадзілі ў міліцэйскі „бобік“, у клетку. Яшчэ спытаў у іх, чаму не на сядзеньне побач з кіроўцам, але там, сказалі, нельга. Значыць, затрыманьне. У раённым аддзяленьні мае зьвесткі не занесьлі ў спэцыяльны журнал уліку наведнікаў, як у нас ва Ўкраіне, — абышлося бяз запісаў і подпісаў.
Але пытаньняў задавалі шмат. Што тут робіш, чаму не пускаюць ў Расею, ці не ваяваў ва Ўкраіне, на чыім баку. Падобна, у іх стандартны сьпіс пытаньняў. Пасьля размовы загадалі чакаць, і гадзінаў да 4 давялося чакаць. Тады прыйшоў чалавек у цывільным, назваўся, але я не запомніў ягонага імя і зноў пачаў распытваць. Ён сказаў, што Расея мне забараніла ўезд на сваю тэрыторыю да 2021 году, і таму мне трэба цягам 24 гадзін пакінуць Беларусь, што гэта ня іхная ініцыятыва. Прычын не сказалі», — распавёў Віталь Сізоў.
У МЗС і МУС Беларусі адказалі, што высьвятляюць сытуацыю, і пакуль ад камэнтароў устрымаліся.