Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН вызначыла беларуса году ў выніку апытаньня 60 беларускіх экспэртаў самых розных кірункаў дзейнасьці і поглядаў.
Першае месца заняў 35-гадовы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, які летась адзначыўся зборам і перадачай у Міністэрства культуры подпісаў за бела-чырвона-белы сьцяг, удзелам у шмат якіх іншых акцыях, у ліку якіх зрываньне адкрыцьця муралу «Масква-Менск», пратэст супраць адкрыцьця перанесенага помніка Леніну і капаньне акопу на мяжы з Расеяй.

Зьмітра Дашкевіча затрымліваюць падчас акцыі «Маладога фронту» супраць адкрыцьця помніка Леніну ля Менскага трактарнага заводу
Другое месца заняла пісьменьніца і ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры 2015 году Сьвятлана Алексіевіч, трэцяе — кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым Алексіевіч была названая БелаПАН беларускай году ў 2015-м.
Алексіевіч і Дашкевіч былі ў ліку экспэртаў, якія галасавалі за намінантаў на званьне «Беларуса году». Таксама ў ліку экспэртаў былі палітыкі розных поглядаў, навукоўцы, эканамісты, журналісты і мэдыяэкспэрты, дзеячы культуры.
У дзясятку пэрсон па папулярнасьці ў экспэртаў трапілі спартоўцы Віталь Гуркоў і Ігар Бокі, кардыёхірург Юры Астроўскі, блогер Эдуард Пальчыс, міністар замежных спраў Уладзімер Макей, праграміст Яўген Неўгень і журналістка Кацярына Сінюк.
Поўны сьпіс экспэртаў і іхных галасоў падае сайт Naviny.by.