Каля двух дзясяткаў чалавек сабраліся 30 студзеня каля будынку Міністэрства эканомікі ў Менску, дзе праходзіць пасяджэньне працоўнай групы па пытаньнях дзейнасьці ІП пры грамадзка-кансультатыўнай радзе па разьвіцьці прадпрымальніцтва.
Міліцыя не перашкаджала прадпрымальнікам, якія выйшлі да будынку Мінэканомікі.
На сустрэчы абмяркоўваецца праект указу аб спрашчэньні дзейнасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, распрацаваны РГА «Пэрспэктыва».
«Асноўныя палажэньні праекту — гэта вяртаньне да тых умоў, якія існавалі да ўказу № 222. То бок мы хочам плаціць фіксаваную стаўку падатку і ПДС, працаваць як раней», — сказаў кіраўнік «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка.
Раней Шумчанка выступіў з заклікам да прадпрымальнікаў падысьці а 14-й гадзіне да будынку міністэрства, каб выказаць сваю падтрымку ініцыятыве.
Індывідуальныя прадпрымальнікі з розных гарадоў прыехалі падтрымаць сваіх прадстаўнікоў у працоўнай групе па разьвіцьці прадпрымальніцтва. Яны спадзяюцца, што працоўная група даможацца скасаваньня ўказу нумар 222 і падпісаньня новага ўказу, які зноў дазволіць ІП гандляваць без сэртыфікацыі тавараў.
Указ № 222 «Аб рэгуляваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці і рэалізацыі тавараў прадпрымальнікамі і іншымі фізычнымі асобамі» быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 16 траўня 2014 году, уступіў у дзеяньне з 1 студзеня 2016 году. Ён забараніў гандаль таварамі без сэртыфікатаў паходжаньня. Указ выклікаў шматлікія пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў у Беларусі.