Дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы гарадоў у ЗША супраць іміграцыйных абмежаваньняў

Пратэст супраць іміграцыйных абмежаваньняў у ЗША, Вашынгтон, 29 студзеня 2017 году

Дзясяткі тысяч людзей выйшлі 29 студзеня на вуліцы больш як 15 амэрыканскіх гарадоў, выступаючы супраць новых іміграцыйных абмежаваньняў, уведзеных прэзыдэнтам Дональдам Трампам.

Дэманстранты сабраліся ў Бэтэры-парку ў Нью-Ёрку, каб асудзіць ўказ пра абмежаваньні на ўезд у ЗША мігрантаў і ўцекачоў зь сямі пераважна мусульманскіх краінаў.

Лідэр дэмакратычнай меншасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, выступаючы перад актывістамі, назваў указ «неамэрыканскім».

«Тое, пра што мы тут гаворым, зьяўляецца пытаньнем жыцьця і сьмерці для многіх людзей», — сказаў Шумэр.

Больш за 10 чалавек прыйшлі ў цэнтар Бостану з пратэстамі.

Тысячы незадаволеных іміграцыйнымі абмежаваньнямі сабраліся каля Белага дома ў Вашынгтоне, скандуючы: «Дазвольце ім ўехаць», некаторыя выкрыквалі: «Мы ўсе мусульмане».

Людзі ў амэрыканскай сталіцы прайшлі маршам да гатэлю Трампа, разьмешчанага за некалькі кварталаў ад Капітолію.

Мітынгі таксама заплянаваныя і ў іншых амэрыканскіх гарадах, у тым ліку Г’юстане, Дэтройце, Сэнт-Луісе і Лос-Анджэлесе.

Паведамляецца, што новыя іміграцыйныя абмежаваньні ўжо прывялі да затрыманьня або дэпартацыі сотняў людзей, якія прыбываюць у аэрапорты ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, спасылаючыся на неабходнасьць абараняць ЗША ад «замежных тэрарыстаў», падпісаў у пятніцу шэраг указаў пра абмежаваньні на іміграцыю. У прыватнасьці, мусульмане — грамадзяне Сырыі, Ірану, Іраку, Лібіі, Самалі, Судану і Емэну на 90 дзён страчваюць права ўезду ў ЗША, і нават тыя зь іх, хто мае «грын-карты».

Акрамя таго, Трамп на 4 месяцы спыніў дзеяньне амэрыканскай праграмы прыняцьця ўцекачоў і зь іншых краінаў, акрамя згаданых сямі, і ўдвая, да 50 тысяч, скараціў лік уцекачоў, якіх ЗША прымуць сёлета з усяго сьвету.

Гэтыя рашэньні выклікалі рэзкую крытыку ня толькі праваабаронцаў і грамадзянскіх актывістаў, але і ўрадаў краін — саюзьніц ЗША ў Эўропе, не кажучы пра краіны, якіх тычацца абмежаваньні.