Трамп перазачыніў межы

Пратэст ля будынку міжнароднага аэрапорта ў Чыкага, 28 студзеня 2017

Фэдэральны акруговы суд вынес часовую забарону на дэпартацыю ўцекачоў зь дзеючымі візамі, затрыманых раней у аэрапортах ЗША згодна з указам Дональда Трампа.

Пастанова, якая была вынесеная 28 студзеня акруговым судзьдзёй Эн Донэлі ў Нью-Ёрку, забараняе супрацоўнікам памежнай службы дэпартаваць з ЗША грамадзян сямі згаданых у прэзыдэнцкім указе краін, якія маюць дзеючыя візы ЗША, афіцыйны статуса бежанца і «іншых асоб... якія маюць легальныя падставы для знаходжаньня ў ЗША».

Рашэньне суду было вынесенае пасьля звароту адвакатаў з праваабарончай арганізацыі «Амэрыканскі саюз абароны грамадзянскіх свабод» (ACLU), якія прадстаўлялі інтарэсы двух грамадзян Іраку, затрыманых у Міжнародным аэрапорце імя Джона Кэнэдзі ў Нью-Ёрку. Адзін зь іх раней супрацоўнічаў з амэрыканскай арміяй у Іраку, другі жанаты на кантрактнай супрацоўніцы амэрыканскіх узброеных сіл. У пастанове суду адзначаецца, што сувязь з амэрыканскай арміяй азначае, што абодва затрыманыя могуць апынуцца пад пагрозай у Іраку, акрамя таго, у іх ёсьць дзеючыя візы ЗША. Пазьней абодва іракца былі вызваленыя і дапушчаныя ў краіну. Паводле ACLU, вэрдыкт закране яшчэ каля 200 пасажыраў, ужо затрыманых у амэрыканскіх аэрапортах, ці тых, якія яшчэ знаходзяцца ў дарозе.

Раніцай у нядзелю, 29 студзеня, Міністэрства ўнутранай бясьпекі ЗША заявіла, што пастанова, вынесеная судом, увогуле не адабʼецца на мерах, па выкананьні прэзыдэнцкага ўказу.
«Указ прэзыдэнта Трампа застаецца ў сіле і забарона на ўезд застанецца забаронай, а ўрад ЗША пакідае за сабой права ў любы момант адклікаць раней выдадзеныя візы, калі гэта неабходна ў інтарэсах нацыянальнай бясьпекі і грамадзкага парадку», — заявілі ў ведамстве.

Судовая пастанова была вынесеная пасьля ўказу Дональда Трампа, які максымальна абмяжоўвае уезд у ЗША для грамадзян сямі краін з мусульманскай большасьцю насельніцтва — указу, які выклікаў хаос у некаторых амэрыканскіх аэрапортах, хвалю пратэстаў і справакаваў лявіну судовых разглядаў.

Пратэсты ў Сан-Францыска

27 студзеня Дональд Трамп, выконваючы сваё абяцаньне абараніць краіну ад «замежных тэрарыстаў», падпісаў указ, які на 90 дзён прыпыняе іміграцыю ў ЗША для грамадзян Іраку, Сырыі, Ірану, Судану, Лібіі, Самалі і Йемену. Мяркуецца, што па заканчэньні гэтага тэрміну будуць распрацаваныя новыя, больш строгія, іміграцыйныя правілы.

Уступленьне гэтага дакумэнта ў сілу прывяло да затрыманьня ў аэрапортах ЗША людзей, якія маюць легальнае права на ўезд у краіну — у тым ліку тых, якія пастаянна пражываюць у ЗША. Гэта справакавала шэраг пратэстаў ля міжнародных аэрапортаў, у прыватнасьці, у аэрапорце імя Кэнэдзі ў Нью-Ёрку, у Нью Джэрсі і ў Портлэндзе. Мітынг у аэрапорце Сан-Францыска наведаў, сярод іншых, сузаснавальнік Гуглу Сяргей Брын, які эміграваў у Злучаныя штаты ва ўзросьце 5 гадоў зь сямʼёй.

Тым часам Дональд Трамп працягваў настойваць, што прынятае ім узмацненьне жорсткасьці іміграцыйных правілаў пасьпяхова ўвасабляецца. «Усё працуе вельмі добра, гэта можна заўважыць у аэрапортах, гэта можна ўбачыць паўсюль», — заявіў прэзыдэнт журналістам.

У той жа час рашэньне Дональда Трампа было скрытыкаванае як у краінах, чыіх грамадзян тычыцца падпісаны прэзыдэнтам указ, так і некаторымі бліжэйшымі саюзьнікамі ЗША. Брытанскі прэмʼер-міністар Тэрэза Мэй заявіла, што «ня згодная» з узмацненьнем жорсткасьці іміграцыйных правілаў і будзе патрабаваць ад ЗША прыняць меры, калі пастанова закране грамадзян Вялікабрытаніі. Паводле прадстаўніка канцлера ФРГ, Ангела Мэркель перакананая, што барацьба з тэрарызмам «не апраўдвае ўзяцьце пад падазрэньне людзей толькі на падставе іх паходжаньня або веравызнаньня». Прэмʼер-міністар Канады Жасьцін Трудо напісаў у Твітары, што канадцы рады даць прытулак «тым, хто ратуецца ад перасьледу, тэрору і вайны» незалежна ад іх веравызнаньня.

Міністэрства замежных спраў Ірану выступіла з заявай, што гатова прыняць сымэтрычныя меры і абмежаваць уезд у краіну амэрыканскіх грамадзян. Зрэшты, пазьней міністар замежных спраў Мухамад Джавад Зарыф адзначыў, што абмежаваньне ня будзе распаўсюджвацца на ўладальнікаў дзеючых віз Ірану. Зарыф таксама адзначыў у сваім запісе ў Твітэры, што рашэньне Дональда Трампа — «выдатны падарунак экстрэмістам», бо «дыскрымінацыя паводле калектыўнага прынцыпу пагаршае тыя супярэчнасьці, якімі дэмагагічна карыстаюцца экстрэмісты для пашырэньня сваіх шэрагаў, і дапамагае тэрарыстам рэкрутаваць новых прыхільнікаў».

Як паведамляе агенцтва Ройтэрз, камітэт па міжнародных адносінах ірацкага парлямэнту выступіў у нядзелю з заявай, у якой назваў уведзеныя Трампам абмежаваньні «несправядлівымі» і зьвярнуўся да ўраду краіны з патрабаваньнем увесьці захады ў адказ. Нарэшце, міністэрства замежных спраў Судану назвала ўказ Трампа «вельмі няўдалым» у сьвятле зьнятых Вашынгтонам з Судану ўсяго некалькі тыдняў таму санкцый у імя супрацоўніцтва па барацьбе з тэрарызмам.

Увечары ў нядзелю высокапастаўлены прадстаўнік Адміністрацыі прэзыдэнта ЗША заявіў, што ўказ не закране ўладальнікаў грын-картаў (дазволаў на пастаяннае пражываньне ў ЗША), і ім можна будзе бесьперашкодна ўяжджаць у Амэрыку. Аднак ці будзе гэта правіла рэальна выконвацца супрацоўнікамі памежнай службы – пакуль незразумела.