На Віцебшчыне ўзяты пад варту фізрук-пэнсіянэр, які абвінавачваецца ў сувязі з 14-гадовай школьніцай

Віцебскі раённы аддзел Сьледчага камітэту расьсьледуе крымінальную справу ў дачыненьні да фізрука, жыхара аднаго з аграгарадкоў раёну па ч. 1 арт. 168 КК (палавыя зносіны і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула 16-гадовага ўзросту).

Як паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Сьвятлана Сахарава, 61-гадоваму мужчыну выстаўленая абвінавачаньне ў палавой сувязі з 14-гадовай школьніцай. Ён зьмешчаны пад варту.

Журналістам TUT.BY, якія пагутарылі з маці школьніцы, тая распавяла, што дачка, праўдападобна была закаханая ў свайго настаўніка і хоча, каб яго выпусьцілі на волю.

Настаўнік жанаты, мае дзяцей і ўнукаў.